Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 верасня 2017, 15:41

"Лістапад-2017" пройдзе пад слоганам "Ісціна, любоў і прыгажосць"

19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXIV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 3 па 10 лістапада пад слоганам "Ісціна, любоў і прыгажосць", паведамілі БЕЛТА арганізатары.

Самае статуснае і буйное мерапрыемства ў сферы кіно ў Беларусі - ММКФ "Лістапад" па традыцыі аб'яўляе візуальнае афармленне і слоган. Год таму гледачы ішлі "Насустрач натхненню", а яшчэ раней атрымлівалі "Асалоду для вачэй" і глядзелі "Такое рознае кіно".

"Слоган "Ісціна, любоў і прыгажосць" - трыадзінства, якое непарыўна звязана з прыродай кінематографа. Як гаварыў выдатны рэжысёр Жан-Люк Гадар, "кіно служыць менавіта для таго, каб даць магчымасць бачыць". Бачыць ісціну, паколькі выява сама па сабе заўсёды праўдзівая. Бачыць прыгажосць свету, якая можа таіцца ў грубай рэальнасці і раскрывацца ў майстэрскіх мізансцэнах, палітры гукаў, акцёрскай ігры. І, вядома, бачыць любоў - рухавік усялякага сюжэта - пачуццё, якое здольна абнавіць чалавечы сусвет і без якога немагчыма вялікае мастацтва", - растлумачыў дырэктар праграм ігравога кіно ММКФ "Лістапад" і дырэктар конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік" Ігар Сукманаў.

Гледачоў XXIV Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лiстапад" чакае сустрэча менавіта з такімі фільмамі - сумленнымі, страснымі і захапляючымі.

Нязменным афарміцелем постараў ММКФ "Лістапад" на працягу апошніх сямі гадоў выступае мастак Аляксандр Камянец.

Заснавальнікі ММКФ "Лістапад" - Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў. Арганізатарамі выступае Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі