Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 студзеня 2017, 18:03

Лепшых дзеячаў культуры назвалі ў Гродзенскай вобласці

18 студзеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Прэміі імя Аляксандра Дубко Гродзенскага аблвыканкама "За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва" ўручылі сёння ў малой зале Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Лаўрэатамі прэміі па выніках 2016 года сталі 14 творчых, яркіх асоб: народныя майстры і бібліятэкары, клубныя і музейныя работнікі, выкладчыкі, артысты, рэжысёры і журналісты, мастакі і пісьменнікі.

"2016 год, Год культуры, мы ўсе стараліся правесці нестандартна, прыўнесці нешта новае, таму і лаўрэаты выбіраліся з асаблівай пільнасцю. Думаю, ім таксама прыемна атрымаць прэмію па выніках Года культуры", - адзначыў у час цырымоніі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Ён падкрэсліў, што прэмія ўручаецца 19-ы раз. Да юбілейнай цырымоніі ў наступным годзе ў рэгіёне плануецца стварыць летапіс прэміі.

"Увага да творчых людзей невыпадковая. Яны павышаюць духоўнасць, маральнасць грамадства, нясуць пазітыў. Людзі культуры праслаўляюць свой горад, рэгіён, краіну. Творчыя асобы - наш неразменны капітал, тая аснова, на якой мы будуем будучыню", - сказаў Уладзімір Краўцоў. Ён адзначыў ролю дзеячаў культуры ў вырашэнні сацыяльных праблем.

Сярод лаўрэатаў прэміі Вера Белакоз, народны майстар Беларусі з вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёна, узнагароджаная за асабісты ўклад у адраджэнне, захаванне і развіццё тэхналогіі двайнога ткацтва як элемента нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таксама лаўрэатам прэміі стаў загадчык аддзела навейшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч: ён аўтар навуковай канцэпцыі музея Аўгустоўскага канала, які быў адкрыты ў 2016 годзе.

Высокая ўзнагарода ўручана мастацкаму кіраўніку заслужанага аматарскага калектыву "Гродзенскі званочак" Таццяне Стрыжак - у 2015-2016 гадах дзіцячы тэатр з Гродна атрымаў перамогу ў некалькіх міжнародных конкурсах. Лаўрэатамі прэміі сталі і акцёр Гродзенскага абласнога тэатра Васіль Мініч, галоўны рэжысёр XI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур Вольга Багдановіч, галоўны мастак Гродзенскага абласнога тэатра лялек Ларыса Мікіна-Прабадзяк, пісьменніца Святлана Кошур, журналіст Ганна Вашкевіч, выкладчык Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў Святлана Бярозкіна, музыкант Алег Целяпнёў, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля народнай песні "Ярыца" з Мастоўскага раёна Шаміль Тайраў, загадчыца сектара культуры і вольнага часу ў аграгарадку Грынкі Свіслацкага раённага цэнтра культуры народнай творчасці Марыя Самалевіч, загадчыца аддзела Навагрудскай раённай бібліятэкі Іна Шаўчук, выкладчык па класе саксафона Гродзенскага каледжа мастацтваў Сяргей Сонец.

Прэмія Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта імя Аляксандра Дубко "За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва" прысуджаецца штогод з мэтай падтрымкі творчай ініцыятывы і інтэлектуальнага патэнцыялу педагогаў школ мастацтваў, а таксама за асабісты ўклад у развіццё культуры і мастацтва, прапаганду нацыянальных традыцый, высокае прафесійнае майстэрства.-0-

Фота Леаніда Шчаглова

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі