Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 жніўня 2019, 18:04

Купалаўскі тэатр у сотым сезоне пашырыць гастрольную карту - Латушка

29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў юбілейным сотым сезоне пашырыць гастрольную карту, паведаміў журналістам генеральны дырэктар тэатра Павел Латушка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Купалаўскі тэатр лічыць важным развіваць тэатральную прастору праз новыя праекты, пашыраць гастрольную карту і адкрываць новыя пляцоўкі. У нашых гастрольных планах - шэраг гарадоў Беларусі: Гомель, Гродна, Слонім, Баранавічы, Маладзечна, Бабруйск, Салігорск, а таксама гастролі за мяжой і ўдзел у еўрапейскіх тэатральных фестывалях. 29 верасня Купалаўскі тэатр пакажа спектакль "Пінская шляхта" ў Беластоку, а ў снежні прадставіць спектакль "Ураджай" па п'есе Паўла Пражко ў Парыжы", - расказаў Павел Латушка.

Паводле яго слоў, у наступным годзе зноў пачне працаваць Малая сцэна тэатра ў гістарычным будынку па вуліцы Энгельса, 17, дзе цяпер знаходзіцца тэатральнае Бюро друку. Гэта шматфункцыянальная пляцоўка будзе выкарыстоўвацца для паказу спектакляў і кіно, правядзення музычных вечароў і канцэртаў, а таксама выконваць функцыю галерэі сучаснага мастацтва.

"Галоўнымі для нас на працягу 100-гадовага тэатральнага сезона будуць тры словы: гісторыя, сучаснасць, будучыня. Нам ёсць чым ганарыцца ў гісторыі Купалаўскага тэатра, нам ёсць што прадставіць на высокім творчым узроўні ў сучаснай дзейнасці. На аснове гэтага і праз гэта мы пракладваем перспектывы і ствараем асновы для будучага развіцця тэатра", - адзначыў генеральны дырэктар.

Генеральным партнёрам сотага сезона Купалаўскага тэатра выступіць адзін з сотавых аператараў. У прыватнасці, падарункам для прыхільнікаў стане бясплатная трансляцыя знакавых спектакляў тэатра на відэа-сэрвісе анлайн-тэлебачання. Усяго запланавана 11 паказаў на працягу ўсяго сезона. Трансляцыі будуць праходзіць у рэжыме рэальнага часу, што толькі ўзмоцніць эфект прысутнасці ў тэатральнай зале і ўражанні ад прагляду ў гледачоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі