Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 чэрвеня 2017, 12:00

Культура васьмі краін будзе прадстаўлена на фестывалі "Звіняць цымбалы і гармонік" у Паставах

8 чэрвеня, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Культура васьмі краін будзе прадстаўлена 9-11 чэрвеня на ХХ Міжнародным фестывалі народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік" у Паставах Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Пастаўскім райвыканкаме.

Удзельнікамі мерапрыемстваў, якія будуць праводзіцца на 11 пляцоўках, стануць каля 400 чалавек. Асноўныя падзеі пройдуць 9 чэрвеня. Менавіта ў гэты дзень адбудзецца конкурс калектываў і індывідуальных выканаўцаў на народных інструментах "Хто каго?". "Непасрэдна ў конкурсе прымуць удзел прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі. Але ў цэлым будзе прадстаўлена культура васьмі краін. Да пералічаных трэба дадаць Польшчу і Германію. Творчы калектыў з Бабруйска прадставіць на фестывалі нямецкую культуру. Адным з ключавых момантаў стане адкрыццё мемарыяльнай дошкі, прысвечанай польскім акцёрам Станіславу Ясюкевічу і Зігмунту Кенстовічу. Таму размова пойдзе і аб польскай культуры, пры гэтым мы чакаем на фестывалі гасцей з Польшчы", - адзначылі ў райвыканкаме.

Праграма будзе насычаная і разнастайная. Будуць арганізаваны канцэрты, забаўляльныя і спартыўныя мерапрыемствы, запланаваны тэатралізаваныя паказы, прэзентацыі, выставы. Дарэчы, адна з іх прымеркавана да Года навукі: экспазіцыя прысвечана вядомым вучоным ураджэнцам Пастаўскага раёна. Не забылі арганізатары і пра моладзь. У Паставах чакаюць шоу-групу "Маракасы" (калектыў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў), абяцаюць вогненнае шоу, феерверк і забаўляльную праграму з удзелам лепшых дыджэяў вобласці. Яркім фіналам стане гала-канцэрт удзельнікаў, у якім выступіць і ансамбль салістаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Жыновіча.

Гаворачы пра фестываль, народныя інструменты і пра Паставы, нельга не адзначыць, што ў раёне да нашых дзён захавана самабытная традыцыя ігры на дыятанічных цымбалах. Гэтым майстэрствам валодаюць удзельнікі фальклорнага ансамбля "Паазер'е" (заслужаны самадзейны калектыў Беларусі), асвойваць сакрэты ігры нядаўна сталі і выхаванцы аднаго з дзіцячых музычных калектываў раёна.

За ўсю гісторыю фестывалю ў творчым спаборніцтве ўдзельнічалі каля 13 тыс. музыкантаў. На форуме выступалі прадстаўнікі больш як 20 краін, у тым ліку Італіі, Грузіі, Венесуэлы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі