Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 ліпеня 2017, 10:24

Коласаўскі тэатр завяршае сезон прэм'ерай спектакля пра каханне "Дарослыя дзеці"

27 ліпеня, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску завяршае 91-ы сезон прэм'ерай спектакля "Дарослыя дзеці", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Гісторыю кахання ў двух дзеях на коласаўскай сцэне паставіў заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Юрый Пахомаў. Прэм'ера спектакля, створанага па вядомай п'есе амерыканскага драматурга Леанарда Герша "Гэтыя вольныя матылькі", адбудзецца 30 ліпеня. Трэба адзначыць, што музычнае афармленне спектакля таксама ажыццявіў Юрый Пахомаў. Дарэчы, папярэдні сезон тэатр завяршаў пастаноўкай гэтага ж рэжысёра (па п'есе Джона Патрыка "Дзіўная місіс Сэвідж").

Новая пастаноўка ў першую чаргу адрасавана моладзі, але будзе цікавай і бацькам дарослых дзяцей. Гэта гісторыя пра складаныя ўзаемаадносіны паміж людзьмі, чыімі ўчынкамі кіруе каханне. "Старэйшаму пакаленню карысна будзе збоку зірнуць на актуальную ва ўсе часы праблему бацькоў і дзяцей. Можа, гэта гісторыя дапаможа бацькам лепш зразумець сваіх пасталелых, але яшчэ зусім юных дзяцей", - адзначылі ў тэатры.

Стваральнікі спектакля прапануюць гледачам разам паспрабаваць знайсці адказы на пытанні, што такое свабода, ці трэба акружаць дзіцяці апекай, што ў жыцці самае галоўнае і як пад націскам жыццёвых няўдач не страціць шчырасць і дабрыню.

У спектаклі заняты заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Ліхачова, артысты Раман Салаўёў, Анастасія Рэўчанка, Аляксандр Базук.

Дарэчы, Юрый Пахомаў даўно і паспяхова супрацоўнічае з віцебскім тэатрам. Рэжысёр паставіў на коласаўскай сцэне такія спектаклі, як "Ён. Яна. Акно. Нябожчык.", "Чума на вашы дзве сям'і", "Утаймаванне наравістай", "Памінальная малітва".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі