Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 ліпеня 2018, 12:55

Коласаўскі тэатр завершыць сезон прэм'ерай "Смешныя людзі"

27 ліпеня, Віцебск /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску завершыць сезон 2 жніўня прэм'ерай спектакля "Смешныя людзі" па матывах аднаактовых п'ес-жартаў Антона Чэхава. Аб гэтым паведамілі на прэс-канферэнцыі з нагоды новай пастаноўкі ў тэатры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Класіка заўсёды застаецца класікай, і Антон Паўлавіч Чэхаў, як і іншыя геніі сусветнай драматургіі, заўсёды актуальны на падмостках. На гэты раз гледачы Коласаўскага тэатра ўбачаць спектакль у пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Юрыя Пахомава. Супрацоўніцтва расійскага рэжысёра з беларускім тэатрам доўжыцца даўно, і цяперашняя пастаноўка - восьмая на віцебскай сцэне.

"Чэхаў - глыба ў сусветнай літаратуры, у яго тэкстах можна заблудзіць і не ўсе тонкасці ўлавіць, таму заўсёды баяўся яго ставіць. Выбраў для пастаноўкі гэтыя камедыйныя гісторыі, таму што яны шмат у чым аб узаемаадносінах мужчыны і жанчыны, аб тым, як два чалавекі спрабуюць знайсці адзін аднаго, набыць шчасце і на гэтым шляху мучацца. І пакутуюць па-сапраўднаму, але збоку ў гэтых пошуках выглядаюць забаўна", - адзначыў Юрый Пахомаў.

Іграць смешных людзей коласаўцы будуць у трох аднаактовых п'есах-жартах - "Аб шкодзе тытуню", "Юбілей" і "Прапанова". Героі Чэхава звычайныя людзі, якія ў прапанаваных жыццёвых сітуацыях выглядаюць смешнымі і чуллівымі.

Мастак-пастаноўшчык Андрэй Жыгур дадаў, што сцэнаграфія будзе змяняцца ад адной п'есы да другой кардынальна. Адзіным аб'яднальным звяном стане толькі зялёная заслона. "Задачы аб'яднаць гісторыі не было. Наадварот, мы хацелі падкрэсліць рэзкую змену дэкарацый. Для мяне гэта першы вопыт работы з класікай, таму брацца за яе было трывожна. Да гэтага працаваў з сучаснай драматургіяй, у першую чаргу беларускай", - расказаў Андрэй Жыгур.

У галоўных ролях заняты артысты-коласаўцы розных узростаў: Генадзь Гайдук, Георгій Лойка, Яўген Бераснеў, Алена Шарэпчанка, Раіса Грыбовіч, Уладзімір Сівіцкі, Аляксей Стома, Максім Цароў, Цімур Жусупаў, Вікторыя Шамардзіна і заслужаны артыст Беларусі Вячаслаў Грушоў.

Пераклаў апавяданні Чэхава на беларускую мову Алесь Замкоўскі. Музычнае афармленне належыць Юрыю Пахомаву, харэаграфія Дзіяны Юрчанка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі