Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 верасня 2016, 11:14

Коласаўскі тэатр у Віцебску адкрывае 91-ы сезон спектаклем-доўгажыхаром "Несцерка"

16 верасня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адкрывае 91-ы сезон спектаклем-доўгажыхаром "Несцерка", паведаміў 15 верасня на прэс-канферэнцыі да пачатку сезона кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі тэатра Аляксандр Замкоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэм'ера спектакля, які з'яўляецца візітнай карткай тэатра, адбылася 75 гадоў таму. Пастаноўка п'есы Віталя Вольскага перажыла не адно абнаўленне, праз яе прайшлі вядучыя артысты-коласаўцы, яе паглядзеў амаль кожны жыхар горада. Тым не менш, менавіта на гэтым спектаклі з разу ў раз у зале практычна няма свабодных месц. Рэжысёр тэатра Міхаіл Краснабаеў, які, дарэчы, 16 верасня таксама выйдзе на сцэну ў вобразе шкаляра Самахвальскага, назваў "Несцерку" музейным экспанатам, убачыць які мараць і ў іншых гарадах: менавіта гэты спектакль прасілі прывезці ў Сергіеў Пасад, цяпер мясцовая адміністрацыя прапрацоўвае такую магчымасць.

У цэлым рэпертуар новага сезона складваецца з правераных часам і адноўленых спектакляў, прэм'ер мінулага сезона ("Белы анёл з чорнымі крыламі", "Цень думкі нашай", балаган "Смяротны нумар", "Дзіўная місіс Сэвідж" у пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Юрыя Пахомава) і пяці навінак. "У гэтым сезоне плануюцца і новыя пастаноўкі. Мастацкі кіраўнік Валерый Анісенка хутка пачне работу над новым спектаклем. У галоўнай ролі - наша заслужаная актрыса Тамара Скварцова. І да Новага года плануем паставіць дзіцячую казку - гэта робіць Міхаіл Краснабаеў. Ён жа вясной рыхтуецца да яшчэ адной п'есы, пакуль выбірае. Таксама пасля Новага года хочам запрасіць беларускага рэжысёра Сяргея Кулікоўскага для спектакля "Дзядзечкаў сон" паводле аповесці Дастаеўскага", - расказаў дырэктар тэатра Аляксандр Старых.

Акрамя таго, у планах паставіць музычную кампазіцыю да 125-гадовага юбілею Максіма Багдановіча.

Сваё 90-годдзе Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адзначыць 21 лістапада. "Што гэта будзе, падрабязнасці мы пакуль не будзем раскрываць. Хутчэй урачыстая мастацкая вечарына, чым тэатральны "капуснік". Але будзе святочная атмасфера - над гэтым цяпер працуюць нашы мастакі. Задумак вельмі шмат, але людзям больш цікава будзе самім прыйсці і паглядзець, што можа тэатр", - адзначыў Аляксандр Замкоўскі. Акрамя таго, рыхтуецца выстава ў абласным краязнаўчым музеі. У залах самога тэатра таксама плануецца выстава яго мастакоў, якія займаюцца не толькі афарміцельствам, але і свабоднай творчасцю. І рыхтуецца вялікі буклет, у якім знойдзе адлюстраванне гісторыя і сучаснасць коласаўскага тэатра.

Новы сезон багаты і на асабістыя юбілеі. Будзе бенефіс народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной. Таксама будзе юбілей у заслужанай артысткі Беларусі Таццяны Ліхачовай, некаторых іншых вядучых артыстаў віцебскай сцэны: Анжалікі Баркоўскай, Святланы Жукоўскай і Юрыя Цвіркі.

Тэатр створаны ў Віцебску 21 лістапада 1926 года на базе беларускай драматычнай студыі, якая з 1921 па 1926 год існавала пры МХАТ імя М. Горкага. У 1944 годзе за дасягненні ў развіцці нацыянальнай культуры тэатру прысвоена імя Якуба Коласа.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі