Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 студзеня 2016, 17:56

Коласаўскі тэатр у Год культуры пакажа 90 гадоў жыцця ў мастацтве

14 студзеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Год культуры адзначыць 90 гадоў жыцця ў культуры. Так вызначыў для ўстановы значнасць гэтага часу мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Анісенка на прэс-канферэнцыі ў Віцебскім аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для нас гэта не Год культуры, а жыццё ў культуры. Задумак самых розных шмат заўсёды. У прынцыповых планах - паставіць спектакль земляка. Пад юбілей жа трэба, каб быў спектакль. Вядома, хацелася б, каб гэта былі "Каласы пад сярпом тваім", каб задзейнічаць усю трупу - гэта моцна, прыгожа. Пакуль жа арганізуем у сябе выстаўку ў фае пад умоўнай назвай "Нам 90". А сам юбілей адзначым у лістападзе", - растлумачыў Валерый Анісенка. Дарэчы, яшчэ адну выстаўку-прысвячэнне тэатру ўжо цяпер рыхтуе абласны краязнаўчы музей.

Паводле слоў мастацкага кіраўніка, сярод творчых задумак - удзел артыстаў у тым ці іншым фармаце ў гарадскіх мерапрыемствах, а таксама фестывалі "Славянскі базар". Напрыклад, у 2014-м трупа тэатра паказала спектакль "Макбет" пад адкрытым небам на тэрыторыі дома-сядзібы І.Рэпіна "Здраўнёва". На думку Валерыя Анісенкі, такія рэсурсы трэба выкарыстоўваць максімальна, гэта цікава. А таксама ён прапанаваў больш увагі ўдзяляць тэатральнаму мастацтву ў прэсе, весці "Тэатральны дзённік" на абласным тэлебачанні.

Падрабязны рэпертуар коласаўцаў на гэты год пакуль не анансуецца, многае залежыць ад фінансавання. Афіша будзе вядома толькі ў сакавіку. Пакуль жа на 16 і 17 студзеня запланавана прэм'ера спектакля "Белы анёл з чорнымі крыламі" - маладзёжнай драмы аб праблеме распаўсюджвання наркотыкаў. Напярэдадні, 13 студзеня, прайшлі два генеральныя прагоны. "Пры тым, што ў нас студэнцкі горад, студэнты праходзяць міма тэатра. Таму трэба паварочвацца да публікі. У спектакля аб праблемах маладога чалавека ёсць патэнцыял. Учора ў нас была дзіўная публіка - маладыя людзі 15-16 гадоў, удзельнікі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды. Наша маладзёжная эліта. І я быў уражаны. Там нават размовы не ішло аб тым, каб нагадваць выключыць мабільныя тэлефоны. Як яны слухалі!" - падзяліўся сваім уражаннем Валерый Анісенка.

Яшчэ адна бліжэйшая прэм'ера - дыпломная работа артысткі тэатра, студэнткі рэжысёрскага аддзялення Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ніны Обухавай. Яна пакажа віцебскай публіцы спектакль "Цені" па творах Францішка Аляхновіча. Гледачоў чакаюць незвычайныя сцэнічныя рашэнні і інтэрактыўныя сюрпрызы.

Тэатр быў створаны ў Віцебску 21 лістапада 1926 года на базе беларускай драматычнай студыі, якая з 1921 па 1926 год існавала пры ММАТ імя М.Горкага. У 1944 годзе за дасягненні ў развіцці нацыянальнай культуры тэатру прысвоена імя Якуба Коласа. Віцебскі тэатр адзіны з абласных мае статус нацыянальнага.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі