Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 лістапада 2017, 11:43

Кінафестываль "Лістапад-2017" адкрываецца ў Мінску

3 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXIV Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" адкрываецца сёння ў беларускай сталіцы, паведамляе БЕЛТА.

Фестываль пройдзе пад слоганам "Ісціна, любоў і прыгажосць". На экранах шасці мінскіх кінатэатраў пакажуць 165 кінастужак рэжысёраў з 55 краін. У конкурсную праграму ўвайшлі 94 карціны.

Традыцыйна конкурсная праграма ўключае чатыры секцыі: ігравога кіно (асноўны конкурс і конкурс дэбютных фільмаў "Маладосць на маршы"); дакументальнага кіно (асноўны конкурс і конкурс нацыянальных кінашкол); конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лiстападзiк"; нацыянальны конкурс (уключае ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя фільмы).

Асноўныя конкурсы ігравога і дакументальнага кіно сфакусіраваны на новых фільмах, створаных у краінах былога камуністычнага блока: краінах СНД, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, краінах Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Галоўныя прызы ММКФ "Лістапад" размяркоўваюцца рашэннем прафесійнага журы прызнаных экспертаў у галіне кіно. Узначаліць журы XXIV ММКФ "Лістапад" венгерскі рэжысёр Бенедэк Флігаўф. У час фестывалю таксама будзе выбраны фаварыт глядацкага галасавання.

Пляцоўкамі кінафоруму традыцыйна застаюцца кінатэатры "Цэнтральны", "Мір", "Піянер". У гэтым годзе да месц правядзення "Лістапада" далучыліся кінатэатр "Беларусь" і Falcon Club Буцік Кіно. Цырымонія адкрыцця і закрыцця, спецыяльныя паказы "Лiстапада" пройдуць у кінатэатры "Масква".

Фільмам адкрыцця ў гэтым годзе стане стужка расійскага рэжысёра Барыса Хлебнікава "Арытмія", якая паспела ўжо заваяваць Гран-пры расійскага кінафестывалю "Кінатаўр". Падвядзенне вынікаў і ўручэнне ўзнагарод пройдзе 10 лістапада. Фестываль закрыецца праглядам карціны "Асенні самурай" (рэжысёр Даніла Бечкавіч з Сербіі).

Паказы фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі ў час конкурснай праграмы "Лiстападзiк" пройдуць з 4 па 7 лістапада. Фільмам адкрыцця стане карціна "Цім Талер, або прададзены смех" Андрэаса Дрэзена, зняты па матывах аднайменнай кнігі.

З 4 па 8 лістапада пройдуць мерапрыемствы індустрыяльнай платформы Bel:Cinema, пляцоўкі Галерея "Арт-Беларусь", Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. У гэтым годзе акцэнт будзе зроблены на сцэнарным майстэрстве. Гэта тэма стане асновай для адукацыйнага трэнінгу, удзел у якім змогуць прыняць маладыя беларускія рэжысёры, сцэнарысты і студэнты творчых ВНУ са сваімі праектамі. Па выніках сцэнарнай лабараторыі пройдзе пітчынг кінапраектаў перад журы, у склад якога ўвойдуць прадстаўнікі міжнародных кінафестываляў. Усе тыя, хто цікавіцца мастацтвам кіно, змогуць наведаць прэзентацыі адукацыйных праграм MIDPOINT і WHEN EAST MEETS WEST, трэнінг B2B Doc і інш.

Другі за гісторыю ММКФ "Лістапад" Дзень віртуальнай рэальнасці ў партнёрстве з Галерэяй ВІР адбудзецца 7 лістапада на пляцоўцы Галерэі "Арт-Беларусь". Наведвальнікі мерапрыемства атрымаюць магчымасць убачыць 15 сферычных фільмаў ад беларускіх і замежных аўтараў, паўдзельнічаць у стварэнні лічбавых інсталяцый, сустрэцца з гасцямі і членамі журы Мінскага МКФ, паглядзець і абмеркаваць работы Аляксандра Перэза, Філіп Венінга, Юліі Ліб, Георгія Маладцова ў кампаніі саміх аўтараў.

У пазаконкурснай праграме ў кінатэатры "Масква" адбудзецца спецыяльны паказ лірычнай нямой камедыі Барыса Барнета "Дом на Трубнай" (1928) пад акампанемент Аляксея Айгі і "Ансамбля 4'33''". Убачыць стужку і паслухаць жывую музыку мінчане змогуць 7 лістапада ў кінатэатры "Масква". А 8 лістапада ў прасторы "Ок16" адбудзецца клубны канцэрт Аляксея Айгі і "Ансамбля 4'33''" для гасцей і гледачоў фестывалю. 4 лістапада ў кінатэатры "Мір" пройдзе спецыяльны пазаконкурсны паказ "Маэстра Анісімаў" з удзелам рэжысёра фільма Міхаіла Жданоўскага пад акампанемент музыкантаў.

XXIV кінафестываль пройдзе з 3 па 10 лістапада 2017 года ў Мінску. Дырэкцыя галоўнай кінападзеі года - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн". Арганізатары - Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі