Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 чэрвеня 2017, 12:15

Казачныя скульптуры з'явяцца ў Віцебску да Дня горада

8 чэрвеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Манументальна-дэкаратыўныя скульптуры "Стары Хатабыч" і "Рыбка" з'явяцца ў Віцебску да Дня горада, паведамілі БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме.

Горад на Дзвіне адзначае сваё 1043-годдзе. Святочныя мерапрыемствы разгорнуцца 23-25 чэрвеня і акрамя канцэртных праграм і гулянняў абяцаюць гараджанам адразу некалькі падарункаў.

Так, па вул. Пушкіна каля будынка Беларускага тэатра "Лялька" ўрачыста адкрыецца бронзавая скульптура "Стары Хатабыч". Ідэя аб яе ўстаноўцы ў Віцебску ўзнікла даўно, паколькі аўтар твора аб добрым джыне Лазар Лагін (Гінзбург) - ураджэнец горада. Ды і месца ў раёне фестывальнага "тэатральнага квартала" самае зручнае. Фігуру казачнага старога вышынёй 1,8 м стварыў скульптар Сяргей Сотнікаў.

А побач з месцам упадзення Віцьбы ў Заходнюю Дзвіну на вуліцы Талстога з'явіцца казачная рыбка з кампазітнага матэрыялу ў бронзавым колеры, якая вынырвае з ключом з надпісам "Віцебск" і выявай герба горада. Вышыня скульптуры - 2,3 м. Аўтарам работы стаў скульптар Іван Казак. Рыбка сімвалізуе адзін з традыцыйных промыслаў, а месца яе ўстаноўкі (паводле легенды, зусім побач быў закладзены старажытны Віцебск) суадносіцца з ключом ад горада. Дарэчы, з'яўленне такой скульптуры тлумачыцца і тым, што Віцебск двойчы наведваў, няхай і праездам, аўтар казкі пра залатую рыбку Аляксандр Пушкін.

І яшчэ адным падарункам стане адкрыццё новага тралейбуснага маршруту нумар 11. Яго агульная працягласць - 11,6 км. Паводле слоў дырэктара ВТТУ Васіля Паўлючкова, у перспектыве для абслугоўвання новага маршруту будуць закуплены 20 новых тралейбусаў. Заключана папярэдняя дамоўленасць з прадпрыемствам "Белкамунмаш", ужо выдзелена сума з абласнога бюджэту на перадаплату першай машыны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі