Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 сакавіка 2018, 11:25

Карціны ў тэхніцы пуантыкалор прадставяць на выставе ў Гомелі

13 сакавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстава жывапісу і паэзіі Івана Саладоўніка "Вясна і пуантыкалор" адкрыецца ў палацы Румянцавых і Паскевічаў 16 сакавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў палацавым музеі.

Работы аўтара будуць прадстаўлены ў сямі тэматычных цыклах. Сярод іх - "Чалавек", "Кантрасты", Рух" і інш. Суправаджэннем да кожнага з 50 палотнаў стануць паэтычныя творы Івана Саладоўніка. Наведвальнікам давядзецца разгадаць двайны код твораў майстра - жывапісны і славесны.

"Свае работы мастак стварае ў непаўторным аўтарскім стылі пуантыкалор - гэта сатканае са мноства маленькіх каляровых кропак-часцінак адлюстраванне свету ў душах людзей, дзе кожная думка, адчуванне, пачуццё рассыпаюцца каскадам яркіх каляровых агнёў, пераліўных, зменлівых і вечных, як сутнасць усяго жывога. Мастаку ўдаецца з незвычайным майстэрствам улавіць і перадаць не сам прадмет, а яго сутнасць, і ў параўнальна невялікіх памерах палатна пры дапамозе жывой гульні святла і знакаў раскрыць думку, якая здаецца неабсяжнай, расказаць бясконцую гісторыю", - адзначылі арганізатары.

Напрамак пуантылізму, у разнавіднасці якога працуе аўтар, адносіцца да неаімпрэсіянізму і ўзнік каля 1885 года ў Францыі. Тэхніка атрымала назву ад французскага слова pointiller, якое азначае "маляваць кропкамі". У яе аснову пакладзена манера стварэння карцін асобнымі мазкамі правільнай, кропкавай або прамавугольнай формы. Кожная кропка знаходзіцца на невялікай адлегласці ад іншых, і, значыць, яе колер не змешваецца з колерам суседняй кропкі. Работу па злучэнні колераў і ператварэнні асобных кропак у адзінае палатно выконвае чалавечае вока.

Тэматыка палотнаў Івана Саладоўніка вельмі разнастайная: ад філасофскіх роздумаў да хараства прыроды роднага краю. На цырымоніі адкрыцця ён раскажа пра тэхніку, у якой працуе, пра свае творы, крыніцы натхнення і творчыя пошукі. Тут жа будуць гучаць і вершы аўтара.

Выстава "Вясна і пуантыкалор" будзе працаваць да 15 красавіка.

Іван Саладоўнік - мастак, пісьменнік, паэт. Нарадзіўся ў 1954 годзе ў Бранскай вобласці, аднак усё яго жыццё звязана з Гомелем. Першая яго персанальная выстава работ адбылася ў 2002 годзе; таксама ён з'яўляецца аўтарам паэтычнага і празаічнага зборнікаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі