9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Капсулу з зямлёй з магілы беларускага паэта Максіма Багдановіча заклалі сёння ў Храме-помніку ў гонар Усіх Святых у Мінску з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння літаратара, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Цырымонія "Вяртанне" па закладцы капсулы з зямлёй з магілы паэта адбылася ў крыпце храма.
Намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава зачытала прывітанне кіраўніка дзяржавы з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
Як адзначыў міністр культуры Барыс Святлоў, цырымонія пахавання зямлі з магілы Максіма Багдановіча ў Ялце - сімвалічнае дзейства. Паэт завяшчаў быць пахаваным у Беларусі. "Узяцце зямлі з магілы паэта і пахаванне капсулы на радзіме - выкананне волі Максіма Багдановіча", - сказаў міністр.
Барыс Святлоў дадаў, што да юбілею Багдановіча адрамантаваны будынак музея ў Мінску, а таксама падрыхтавана яго новая экспазіцыя. Мерапрыемствы да юбілею пройдуць у музеі "Хатка Максіма". "І ў цэлым ніводная ўстанова культуры не засталася ўбаку ад святкавання 125-гадовага юбілею", - падкрэсліў міністр.
У Белай зале храма адбылося мемарыяльнае літаратурнае чытанне.-0-