Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 чэрвеня 2019, 19:31

Каля 40 унікальных экспанатаў аб'яднаны праектам "Наш край любімы - Беларусь" у гістарычным музеі

10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каля 40 унікальных экспанатаў аб'яднаны праектам "Наш край любімы - Беларусь" у нацыянальным гістарычным музеі. Аб гэтым паведаміў на ўрачыстым адкрыцці экспазіцыі дырэктар музея Павел Сапоцька, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Выстаўка атрымалася цэласнай і канцэптуальнай. Мы зыходзілі з тэмы духоўнасці і нашых глыбокіх традыцый. Кожны музейны прадмет, прадстаўлены ў экспазіцыі, з'яўляецца сведкам эпохі - гэта і народныя промыслы і рамёствы, прадметы культу, манетныя скарбы, сакральныя артэфакты беларускай культуры, - расказаў дырэктар музея Павел Сапоцька. - Мастакі паказваюць творы, якія з'яўляюцца вынікам пераасэнсавання нашых каранёў і каштоўнасцей сродкамі мастацкай творчасці. Таму ўсе работы - і жывапіс, і графіка, скульптура, ткацтва - з'яўляюцца ўнікальнымі экспанатамі, якія раскрываюць духоўнасць беларусаў".

Аўтарам ідэі арт-праекта выступіў народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік. "У кожным з нас закладзены код, які называецца радзіма. У кожная яна свая, але мастакі яе інтуітыўна адчуваюць, хоць кожны і паказвае яе па-свойму. Ідэя выставы - паказаць гэты беларускі код, які ён і з чаго складаецца", - адзначыў ён.

У экспазіцыі прадстаўлены не толькі экспанаты са збору Нацыянальнага гістарычнага музея, але і творы станковага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва выдатных майстроў, якія падкрэсліваюць пераемнасць глыбінных народных традыцый у сучасным мастацтве: Леаніда Шчамялёва, Уладзіміра Тоўсціка, Мікалая Кузьміча, Уладзіміра Слабодчыкава, Рыгора Сітніцы, Уладзіміра Васюка, Алы Непачаловіч, Тамары Васюк, Алены Обадавай, Наталлі Сухаверхавай, Алены Шлегель.

"Тут сабраны работы вядомых майстроў, у кампаніі з якімі вельмі прыемна выстаўляцца, - заўважыў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі скульптар Уладзімір Слабодчыкаў. - Усе разам мы паказваем маленькі зрэз нашай рознааблічнай і разнапланавай культуры і падкрэсліваем гістарычную аснову. Бо на выставе дэманструецца традыцыйнае мастацтва, напрыклад, габелен Алы Непачаловіч і кераміка Тамары Васюк, саломапляценне і бронза. І гэты нацыянальны момант, думаю, выкліча цікавасць ва ўсіх".

"Нацыянальны гістарычны музей - актыўны ўдзельнік культурнай праграмы ІІ Еўрапейскіх гульняў. Напрыклад, у Вёсцы спартсменаў ствараецца Цэнтр беларускай культуры, куды змогуць прыйсці спартсмены і азнаёміцца з нашай культурай, таксама там будуць праводзіцца майстар-класы па стварэнні абрадавых лялек і ганчарства", - дадала начальнік аддзела па арганізацыі і правядзенні культурнай праграмы фонду "Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Вольга Грыгор'ева.

Выстава "Наш край любімы - Беларусь", якая ўваходзіць у культурную праграму II Еўрапейскіх гульняў, а таксама Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Арт-Мінск", будзе працаваць для наведвальнікаў з 11 чэрвеня па 7 ліпеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі