Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 мая 2018, 11:48

Юных талентаў з пяці краін чакаюць на фестывалі "Залатая пчолка"

22 мая, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" пройдзе ў Клімавічах з 31 мая па 3 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аргкамітэце мерапрыемства.

Гэты фестываль чакае больш за 600 юных талентаў з розных куткоў Беларусі, а таксама Расіі, Балгарыі, Малдовы і Украіны. Традыцыйна конкурсная праграма пройдзе ў дзвюх узроставых катэгорыях: малодшая (9-12 гадоў) і старэйшая (13-16 гадоў). Праслухоўванні і прагляды будуць праводзіцца па намінацыях: вакальнае майстэрства (народныя, эстрадныя спевы), харэаграфічнае майстэрства (народна-сцэнічны, эстрадны танец).

Гасцей чакаюць тэматычныя праграмы, экскурсіі, работа забаўляльных пляцовак, тэатралізаваных выставачна-гандлёвых экспазіцый устаноў культуры і дзіцячых школ мастацтваў раёнаў вобласці, творчыя прэзентацыі майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У фармаце музычнага форуму пройдуць "Дзень беларускай гасціннасці", "Дзень шчаслівага дзяцінства", "Дзень садружнасці нацыянальных традыцый", "Дзень сугучча талентаў", бліц-конкурс "Міс фестывалю "Залатая пчолка", пасяджэнне Клуба ганаровых землякоў, свята "Арт масты" і іншыя мерапрыемствы.

Арганізатары падрыхтавалі і новы праект "Вернісаж фестываляў Магілёўшчыны". Гэта святочная тэатралізаваная экспазіцыя тэматычных пляцовак устаноў культуры і адукацыі раёнаў Магілёўскай вобласці з прэзентацыяй фестывальных брэндаў рэгіёна. Напрыклад, Кіраўскі раён прадставіць фестываль "Сенафэст-2018", Чавускі - этнасвята "У Госці да радзімічаў", Касцюковіцкі - свята паэзіі і аўтарскай песні "Пісьмянкоў луг", а Дрыбінскі раён - фестываль народнай творчасці "Дрыбінскія таржкі".

На працягу чатырох фестывальных дзён будуць працаваць гандлёва-выставачныя экспазіцыі прадпрыемстваў гандлю Клімавіцкага раёна і Магілёўскай вобласці "Салодкае лета", весціся продаж сувенірнай прадукцыі, упрыгажэнняў, цацак.

Яркім фіналам 3 чэрвеня стане традыцыйнае святочнае шэсце, цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў і заключны гала-канцэрт "Вясёлка талентаў фестывалю "Залатая пчолка".

Фестываль дзіцячай творчасці праходзіць у Клімавіцкім раёне з 1996 года. У 2001-м конкурс атрымаў статус міжнароднага. Лаўрэатамі форуму ў розныя гады былі Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец, Ганна Мушак, Лідзія Заблоцкая і інш. Раней фестываль праводзіўся адзін раз у два гады. Пачынаючы з 2017 года прынята рашэнне праводзіць "Залатую пчолку" штогод.-0-.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі