Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 верасня 2017, 11:41

Іосіф Кабзон святкуе юбілей

11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Народны артыст Расіі Іосіф Давыдавіч Кабзон сёння святкуе 80-годдзе.

Спявак, чыё імя звязваюць з нястомнай працаздольнасцю і незвычайнай мужнасцю, нарадзіўся ў Данецкай вобласці (Украіна) у невялікім гарадку Часаў Яр у 1937 годзе. За два гады да пачатку вайны сям'я пераехала ў Львоў. Як згадвае Іосіф Давыдавіч, пачатак вайны ён помніць да дэталей, хоць тады яму не было і чатырох гадоў.

На другі дзень вайны бацька маленькага Іосіфа пайшоў на фронт, а яго маці сабрала дзяцей, села ў поезд і адправілася ў невядомым напрамку далей ад граніцы. Іосіф добра помніць момант, як маці пайшла на станцыю даставаць ваду, а назад не вярнулася: адстала ад поезда. Гэта было самае страшнае. На шчасце, нейкім цудам праз два дні ёй удалося дагнаць сям'ю.

Новым месцам жыхарства стала Сярэдняя Азія - горад Янгеюле за 20 км ад Ташкента. Жыць даводзілася ў вялізным пакоі, дзе размясціліся ўсе 20 чалавек: маці з трыма дзецьмі, брат маці, яго жонка і дзіця, бабуля і вялікая ўзбекская сям'я, якая прытуліла іх.

Пасля вызвалення Данбаса маці з дзецьмі вярнулася ва Украіну. Да таго часу бацька Іосіфа Давыдавіча пакінуў ужо сям'ю, паехаўшы ў Маскву і ажаніўшыся там з іншай жанчынай. Пасля заканчэння 7-га класа паўстала пытанне, у які менавіта тэхнікум пайсці вучыцца. Якое яго прызванне, Іосіф Кабзон тады яшчэ не ведаў. Будучы артыст паступіў у горны тэхнікум, а пасля яго заканчэння быў прызваны ў Савецкую Армію.

У 1957 годзе, калі Іосіф служыў у Закаўказскай ваеннай акрузе, па ўсёй краіне былі аб'яўлены агляды для ўдзелу ў Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве. На адным з такіх аглядаў мастацкі кіраўнік Ансамбля песні і танца Закаўказскай ваеннай акругі запрасіў Іосіфа Кабзона прадоўжыць сваю службу ў ансамблі, і той адразу ж пагадзіўся.

Займаючыся ў калектыве з прафесійнымі педагогамі, Іосіф Кабзон падумаў аб тым, каб у будучым паступаць ужо ў музычную навучальную ўстанову. Гэта выклікала нездавальненне ў сям'і. На будучага артыста апалчыліся ўсе акрамя маці. У Маскве ён скончыў Музычна-педагагічны інстытут імя Гнесіных.

Усесаюзная папулярнасць і вядомасць да Іосіфа Давыдавіча прыйшлі ў 1964 годзе пасля з'яўлення ў эфіры песні Аркадзя Астроўскага і Льва Ашаніна "А у нас во дворе". У тым жа годзе выканаўца стаў лаўрэатам Усерасійскага конкурсу артыстаў эстрады і лаўрэатам Міжнароднага конкурсу ў Сопаце (Польшча). Сярод іншых дасягненняў - удзел у міжнародным конкурсе "Дружба", які праходзіў у шасці сацыялістычных краінах у 1965 годзе, і перамогі ў Варшаве, Берліне і Будапешце, а таксама штогадовы выхад у фінал тэлевізійнага фестывалю "Песня года" на працягу больш як трох дзясяткаў гадоў.

Творчая біяграфія спевака налічвае каля 3 тыс. песень. За час свайго сцэнічнага жыцця ён гастраляваў больш як па 100 краінах свету. Яго імя занесена ў "Кнігу рэкордаў Расіі". Спевака таксама прызналі самым тытулаваным артыстам РФ. Іосіф Кабзон - ганаровы грамадзянін 29 гарадоў Расіі і краін СНД.

Пачынаючы з 1984 года Іосіф Давыдавіч выкладае эстрадны вакал у Дзяржаўным музычна-педагагічным інстытуце імя Гнесіных, а сярод яго выпускнікоў - Ірына Оціева, Валянціна Легкаступава, Валерыя.

Іосіф Кабзон з'яўляецца вядомым палітычным дзеячам, чыя кар'ера пачыналася ў якасці дэпутата Вярхоўнага Савета СССР у 1990 годзе. Кабзон неаднаразова выбіраўся ў Дзяржаўную Думу РФ. Таксама ён вядомы міратворчай дзейнасцю ў перыяд чачэнскіх войнаў у 1990-я гады, шмат займаецца дабрачыннасцю.

Жанаты Іосіф Давыдавіч быў тры разы. Другая жонка - актрыса Людміла Маркаўна Гурчанка. Сваю трэцюю жонку Нінэль ён доўгі час не паказваў шырокай грамадскасці, што, зразумела, спараджала розныя домыслы. Аднак пасля яе з'яўлення ў свеце вядомы часопіс "Лиза" адзначыў, што яна аказалася не толькі прыгажуняй, але і разумніцай. У Іосіфа Кабзона ёсць сын і дачка, у яго пяць унучак і два ўнукі.

У Данецку Кабзону пастаўлены помнік, у Часаў Яры, на яго малой радзіме, у гонар артыста названа вуліца і адкрыты музей.

Да свайго 80-годдзя Іосіф Кабзон на сцэне Дзяржаўнага Крамлёўскага палаца 20 верасня прадставіць святочную праграму, дзе маэстра выканае свае лепшыя песні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі