Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 чэрвеня 2018, 10:37

"Хор Турэцкага" выканае песні ваенных гадоў на канцэрце 22 чэрвеня ў Брэсце

8 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Арт-група "Хор Турэцкага" выканае песні ваенных гадоў на канцэрце 22 чэрвеня ў Брэсце, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры гарвыканкама Святлана Сямашка.

Музычны калектыў пад кіраўніцтвам народнага артыста Расіі Міхаіла Турэцкага выступіць з праграмай у рамках гістарычнага марафону "Песні Перамогі", прысвечанай гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Праграма, у якую ўвайшлі кампазіцыі розных жанраў, разлічана на 1 гадзіну 40 хвілін. Плануецца, што выступленне пад адкрытым небам пройдзе ў Тэатры эстрады гарадскога парку культуры і адпачынку. Канцэрт пачнецца ў 19.00, уваход на яго свабодны.

Знамянальна, што бацькі Міхаіла Турэцкага - ураджэнцы Беларусі і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, сярод удзельнікаў хору таксама нямала беларусаў. Па прызнанні музыкантаў, яны заўсёды з задавальненнем прадстаўляюць свае творчыя праекты ў Беларусі. Аснова ўнікальнай канцэпцыі калектыву - "жывыя" галасы. Артысты выконваюць кампазіцыі больш як на дзесяці мовах без фанаграмы, у тым ліку а капэла.

У гэты ж вечар на гадзіну пазней у Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры адбудзецца канцэрт міжнароднага патрыятычнага праекта "Перамога без межаў" з Шымкета (Казахстан).

Што датычыцца праграмы мерапрыемстваў, прысвечаных Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, то яе адкрые Марш рэканструктараў. Удзельнікі ваенна-гістарычнага фестывалю 21 чэрвеня адправяцца традыцыйным маршрутам ад вул. Зубачова да вул. Савецкай, дзе пройдзе музычна-паэтычная праграма "Мірны вечар на Савецкай". У ноч з 21 на 22 чэрвеня ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" адбудзецца акцыя "Дарога памяці", якую ўвянчаюць мітынг-рэквіем і ваенна-гістарычная рэканструкцыя "22 чэрвеня. Брэсцкая крэпасць".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі