Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 верасня 2019, 11:43

Грані творчасці мастака Андраянава прапануюць вывучыць на выставе ў Гомелі

4 верасня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Персанальная выстава "Грані творчасці мастака Уладзіміра Андраянава" адкрыецца ў Гомелі 5 верасня ў цэнтральнай частцы палаца Румянцавых і Паскевічаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі.

Экспазіцыя прымеркавана да 75-годдзя беларускага жывапісца, графіка, скульптара і кераміста. Наведвальнікам прапануюць азнаёміцца з некалькімі дзясяткамі твораў аўтара - жывапісам, керамічнымі фігурамі, пано з керамікі з глазурай, графікай.

На цырымоніі адкрыцця мастак раскажа аб творчым шляху, адкажа на пытанні аб сакрэтах майстэрства, крыніцах натхнення і новых планах.

"З творамі мы можам азнаёміцца, праходзячы па вуліцах Гомеля і сталіцы Беларусі. Напрыклад, на скрыжаванні Савецкай і Яфрэмава абласнога цэнтра размешчана скульптура "Настальгія", архітэктурная кампазіцыя з 11 дэкаратыўных форм - па вуліцы Кожара, у цэнтры горада ўстаноўлены антычныя вазы вялікіх памераў на металічных падстаўках. Дзіцячыя пляцоўкі ў Мінску ўпрыгожваюць малыя архітэктурныя формы аўтарства Уладзіміра Андраянава, а праспект Незалежнасці аформлены серыяй яго дэкаратыўных ваз", - прывялі прыклады ў дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе.

Уладзімір Андраянаў нарадзіўся ў Архангельску. Скончыў факультэт дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маскоўскага тэхналагічнага інстытута. У 1972 годзе прыехаў па размеркаванні ў Гомель. З 1976 года - член Саюза мастакоў Беларусі. Работы майстра экспанаваліся ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Партугаліі, Эстоніі, Германіі, Азербайджана, Ізраіля.

Азнаёміцца з гранямі творчасці Уладзіміра Андраянава на выставе ў гомельскім палацы можна да кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі