3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гран-пры "Трыумф" 57-га нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" ўдастоена "Сусветная спадчына Францыска Скарыны" з серыі "Энцыклапедыя рарытэтаў" (А.А.Суша, Г.У.Кірэева, выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі"), паведаміў карэспандэнт БЕЛТА з цырымоніі ўшаноўвання пераможцаў конкурсу.
Галоўную ўзнагароду ўсім удзельнікам гэтага маштабнага праекта - дыплом імя Ф.Скарыны і памятны знак-сімвал "Вялікі залаты фаліянт" уручыў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Віншуючы ўсіх пераможцаў конкурсу, ён падзякаваў спецыялістам, мастацтвазнаўцам, складальнікам кніг, работнікам выдавецтваў, якія робяць такі значны ўклад, дзякуючы чаму конкурс мае доўгую гісторыю.
Па выніках конкурсу вызначаны лепшыя ў 16 намінацыях.
Спецыяльнага дыплома і памятнага знака-сімвала "Малы залаты фаліянт" удастоены пераможцы ў тэматычных намінацыях. Так, узнагароду ў намінацыі "ЛІТ-фармат" атрымала кніга "Хрыстос прызямліўся ў Гародні. У.Караткевіч" выдавецтва "Беларусь", у намінацыі "У люстэрку часу" - "Банкаўская справа Беларусі" (ТДА "Беловагруп"). Дыплом пераможцы ў намінацыі "АРТ-кніга" ў кнігі "Рыгор Сітніца. Простыя рэчы" выдавецкага дома "Звязда".
Серыя "Энцыклапедыя народнага майстра" ("Саломапляценне. Ілюстраваны майстар-клас"; "Пасланні ад продкаў. Пра што расказвае беларускі арнамент"; "Лозапляценне") "Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі" стала пераможцам у намінацыі "Эўрыка".
Таксама спецыяльны дыплом і памятны знак-сімвал "Малы залаты фаліянт" уручаны пераможцу намінацыі "За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны" выдавецтву ТДА "Чатыры чвэрці" "Сімфонія стагоддзяў" (на рускай і англійскай мовах) серыі "Культурная спадчына Беларусі" (С.В.Тарасаў, Л.Ф.Анцух, І.В.Саверчанка, Н.Я.Гальпяровіч). Перамога ў намінацыі "Залатыя скрыжалі" прысуджана кнізе "Беларускае горадабудаўнічае мастацтва: сярэдневяковая спадчына. Рэнесанс, барока, класіцызм у сістэме еўрапейскага дойлідства" (Ю.У.Чантурыя) выдавецкага дома "Беларуская навука".
У намінацыі "Разам з кнігай мы расцём" пераможца не выбраны, прысуджаны дыпломы першай і другой ступені. Альбом "Мінск скрозь стагоддзі" ўзяў галоўную ўзнагароду ў намінацыі "Фотапогляд". "Фізіка, 7 клас. Л.А.Ісачанкава, Ю.Д.Ляшчынскі" выдавецтва "Народная асвета" па рашэнні журы - "Падручнік новага века".
Кніга "Нарысы гісторыі культуры Беларусі" ў чатырох тамах калектыву аўтараў, выпушчаная выдавецкім домам "Беларуская навука", атрымала ўзнагароду ў намінацыі "Духоўнасць".
У намінацыі "Садружнасць" журы не прысудзіла перамогу нікому, уручаны дыпломы першай і другой ступені.
Выдавецтва "Беларускі Дом друку" сумесна з выдавецтвам "Кніжны дом" выпусцілі кнігу "Прадаўжальнікі справы Скарыны: 100 гадоў "Беларускаму Дому друку", якая перамагла ў намінацыі "Паслядоўнікі Скарыны".
У намінацыі "Майстэрства" дыпломы пераможцы ўручаны "Лепшаму ілюстратару" Міхаілу Басалыгу за кнігу "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" (У.Караткевіч), статуэтка "Лепшы фотамастак" - аўтарам альбома "Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Збор зброі і даспехаў" Алегу Лукашэвічу і Аляксандру Аляксееву. А пераможца намінацыі "Лепшы дызайнер кнігі" - Уладзімір Шолк за шэраг кніг, у ліку якіх "Кніжная спадчына Беларусі", "Францыск Скарына - беларускі гуманіст, асветнік, першадрукар", "Адкуль пайшоў буквар", серыя "Краіна замкаў" (ВД "Звязда").
На ўзнагароды нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" прэтэндавала 147 выданняў ад 39 арганізацый. Па выніках рэйтынгавага галасавання мастацка-экспертнай камісіі на разгляд аўтарытэтнага журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі творчых саюзаў, былі адабраны 62 выданні.
Узнагароды пераможцам конкурсу "Мастацтва кнігі" ўручаны ў час XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, якая праходзіць 28 лютага - 4 сакавіка.-0-