Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 красавіка 2018, 14:26

Грамату аб Магдэбургскім праве Пінска выставяць на пяць дзён у Музеі Беларускага Палесся

18 красавіка,Брэст /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка аднаго экспаната праекта "За кулісамі музея" пройдзе 18-22 красавіка ў Музеі Беларускага Палесся ў Пінску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык навукова-асветнага аддзела музея Валерый Кабрынец.

Увазе наведвальнікаў будзе прапанавана грамата апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, у якой пацвярджаецца Магдэбургскае права Пінску. Дакумент уяўляе сабой два здвоеныя лісты пергаменту, знітаваныя паміж сабой ніткамі, якія змацаваны пячаткай ВКЛ. Тэкст выкананы ад рукі на польскай і старабеларускай мовах і падпісаны ўласнаручна каралём 26 лютага 1785 года ў Варшаве.

"У 1939 годзе, пасля ўз'яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, дакумент перадаў музею начальнік фінаддзела часовага ўпраўлення Пінска. Прозвішча гэтага чалавека не захавалася. Можна лічыць, што грамата захавалася ў гарадскім магістраце і была знойдзена з прыходам савецкай улады", - сказаў загадчык аддзела музея.

Паводле яго слоў, дакумент цікавы не толькі сваёй арыгінальнасцю. У ім таксама змешчана інфармацыя аб тым, куды дзеліся самыя першыя правілеі Пінска, дадзеныя гораду ў час кіравання Стафана Баторыя, Сігізмунда Вазы і іншых каралёў. Як аказалася, тыя дакументы былі знішчаны ў час смуты ў сярэдзіне XVII стагоддзя. У 1776 годзе многія населеныя пункты ВКЛ былі пазбаўлены Магдэбургскага права. Выключэнне склалі 11 гарадоў, у тым ліку Пінск, што і пацвердзіла каралеўская грамата.

Чарговую выстаўку аднаго экспаната ў Музеі Беларускага Палесся плануецца правесці летам. Чакаецца, што ў цэнтры ўвагі наведвальнікаў будзе прадмет, звязаны з археалогіяй.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі