Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 мая 2016, 11:34

Год культуры і юбілейныя даты класікаў стануць дамінантамі Дня беларускага пісьменства

5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Год культуры і юбілейныя даты класікаў стануць дамінантамі Дня беларускага пісьменства. Размова аб гэтым ішла 4 мая на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята, якое адбылося ў Рагачове пад старшынствам віцэ-прэм'ера Наталлі Качанавай, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі.

"Распрацавана літаратурна-мастацкая канцэпцыя свята. Праз друкаванае слова, песні і паэзію будзе расказана гісторыя нашага народа, прадстаўлена багацце беларускай культуры і мовы. Дамінантамі стануць тэмы Года культуры, падрыхтоўкі краіны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, а таксама юбілейныя даты літаратараў - Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы, Максіма Багдановіча, Івана Мележа і Івана Шамякіна. Пройдуць міжнародны круглы стол з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, навукова-практычная канферэнцыя "Рагачоўскія чытанні", конкурс юных чытальнікаў Гомельскай вобласці "Жывая класіка", - сказаў Ігар Луцкі.

Па традыцыі пісьменнікам будуць уручаны Нацыянальная літаратурная прэмія за лепшыя творы ў розных намінацыях (усяго сем намінацый), ганаровыя знакі-сімвалы і дыпломы. Экспертны савет цяпер знаёміцца з творамі. У час фестывалю госці змогуць сустрэцца і паразмаўляць з літаратарамі. Адкрыецца кнігарня ў Рагачове (ААТ "Белкніга").

Плануецца правесці фестываль кнігі і прэсы. У выставачным павільёне разгорнуцца кніжныя экспазіцыі, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, пісьменнікам-юбілярам, а таксама будуць прадстаўлены кнігі - пераможцы міжнародных і нацыянальнага конкурсаў. Спецыяльна да свята рыхтуюцца тэматычныя выданні, у тым ліку будзе прадстаўлены зборнік твораў рагачоўскіх паэтаў і празаікаў з серыі "Беларусь літаратурная".

Як адзначыў Ігар Луцкі, канчатковая праграма Дня беларускага пісьменства будзе прынята да канца чэрвеня. Цырымоніі адкрыцця і закрыцця свята пакажа "Сталічнае тэлебачанне".

Дзень беларускага пісьменства пройдзе 4 верасня ў Рагачове Гомельскай вобласці. Ён праводзіцца з 1994 года з мэтай папулярызацыі лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа. Сталіцамі Дня пісьменства становяцца гістарычныя і культурныя цэнтры, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі