Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 лютага 2017, 10:28

Генеалагічнае дрэва Радзівілаў папоўніла збор Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі

27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Генеалагічнае дрэва роду Радзівілаў папоўніла збор Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Такі падарунак зрабіў беларускаму музею князь Мацей Мікалай Радзівіл, які прадставіў 26 лютага гасцям НММБ выстаўку "Радзівілы: лёсы краіны і роду", сфарміраваную з яго калекцыі і калекцыі НММБ. У экспазіцыю ўключана 99 экспанатаў з калекцыі Мацея Радзівіла, а таксама жывапісныя партрэты князёў Радзівілаў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, якія да 1939 года знаходзіліся ў Нясвіжскім замку.

Прадстаўляючы творы, Мацей Радзівіл расказаў гасцям вечара, што гэта другая выстаўка ў Беларусі. Першая была ў Нясвіжскім замку. Жаданне зрабіць выстаўку ў Мінску Мацей Радзівіл растлумачыў імкненнем прадставіць беларусам напамін пра гісторыю, якая іх цікавіць, якую яны захоўваюць.

Калекцыя Мацея Радзівіла ўключае жывапісныя і графічныя партрэты, мініяцюры, медалі, мастацкія тканіны. У праекце прадстаўлена галерэя вобразаў вядомых дзеячаў: Барбара Радзівіл - каралева Польшчы, яе бацька - Юрый Радзівіл меў ганаровую мянушку Літоўскі Геркулес, Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка - заснавальнік Нясвіжскай рэзідэнцыі, яго брат Юрый - кардынал, кракаўскі біскуп, Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька - заснавальнік мануфактуры слуцкіх паясоў, Кароль Станіслаў Радзівіл Пане Каханку - яскравы прыклад свабоды і незалежнасці шляхты ВКЛ і іншыя. Безумоўнай каштоўнасцю калекцыі з'яўляецца тое, што некаторыя партрэтныя выявы, магчыма, захаваліся ў адзіным экзэмпляры. Расказваючы пра карціны, Мацей Радзівіл дзяліўся ўспамінамі дзяцінства, якія навяваюць некаторыя з работ.

У складзе калекцыі Мацея Радзівіла прадметы, што дасталіся ад сваякоў, частку ён набыў у знаёмых яму людзей, гісторыя прадметаў яму вядома, трэцюю частку калекцыі складаюць прадметы, набытыя на аўкцыёнах. Князь не думае, што ёсць небяспека набыць падробку, паколькі мастацкая каштоўнасць гэтых работ, часам, не такая высокая. Паколькі многія з партрэтаў - работа рамеснікаў, часта іх пісалі прадстаўнікі сям'і як падарунак.

Мацей Радзівіл расказаў таксама, што плануе выдаць сямейны альбом, у якім былі б сабраны партрэты Радзівілаў. Сёння ў распараджэнні князя некалькі соцень фатаграфій партрэтаў Радзівілаў з Беларусі, Украіны, Літвы. Ідзе збор здымкаў з музеяў Польшчы. У 2018 годзе Мацей Радзівіл плануе выдаць альбом, які ўключае каля 300 фатаграфій партрэтаў, што суправаджаюцца кароткімі біяграфічнымі звесткамі.

Урачыстае адкрыццё выстаўкі "Радзівілы: лёсы краіны і роду" ў Нацыянальным мастацкім музеі адбудзецца 27 лютага. Экспазіцыя даступна для гледача з 15 лютага па 16 красавіка.-0-

Фота Аксаны Манчук

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі