Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 ліпеня 2018, 10:02

Фотавыстаўка БЕЛТА адлюстроўвае жывую гісторыю Беларусі - Шарстнёў

11 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Фотавыстаўка Беларускага тэлеграфнага агенцтва "Імгненні стагоддзя" адлюстроўвае жывую гісторыю Беларусі. Аб гэтым заявіў 10 ліпеня на адкрыцці юбілейнай фотавыстаўкі БЕЛТА старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выставачны праект прэзентаваны ў канцэртнай зале "Віцебск" у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". "Прадстаўленыя фатаграфіі адлюстроўваюць жывую гісторыю нашай краіны з 1918 па 2018 год. Пра важнасць выстаўкі гаварыць не даводзіцца: яна, безумоўна, неабходна і нашаму пакаленню, і тым, хто за намі стаіць, - малодшым і будучым пакаленням", - падкрэсліў Мікалай Шарстнёў.

Кіраўнік рэгіёна выказаў сваё меркаванне аб журналістах БЕЛТА. "Што вызначае гэтых людзей? Перш за ўсё аператыўнасць работы: любая інфармацыя падаецца вельмі хутка. Прыстойнасць. Немалаважна сёння падаць інфармацыю аператыўна, але трэба зрабіць гэта яшчэ прыстойна і прафесійна. Гэтыя якасці ўласцівы работнікам БЕЛТА, і я ўдзячны магчымасці працаваць з прафесіяналамі сваёй справы", - сказаў Мікалай Шарстнёў.

Старшыня аблвыканкама цёпла павіншаваў з юбілеем Беларускае тэлеграфнае агенцтва і ўручыў генеральнаму дырэктару БЕЛТА Ірыне Акуловіч падзяку за значны ўклад у асвятленне сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага жыцця Віцебскай вобласці.

Паводле слоў Ірыны Акуловіч, экспазіцыя фотавыстаўкі сфарміравана ў асноўным з фатаграфій простых людзей: урачоў, настаўнікаў, будаўнікоў. "Гэта людзі, якія сваёй працай пішуць гісторыю Беларусі. Мне вельмі хочацца, каб у нас з вамі было здароўе і добры настрой, таму што нам гэту гісторыю пісаць далей", - сказала гендырэктар БЕЛТА.

Ірына Акуловіч таксама адзначыла, што ў архівах фотахронікі БЕЛТА налічваецца каля 400 тыс. фатаграфій, у тым ліку каля 40 тыс. - у негатывах, яшчэ не пераведзены ў лічбавы варыянт. "Гэта здымкі, з якімі неверагодна цікава знаёміцца, бачыць эмоцыі і пачуцці людзей. І за гэты тыдзень фотахроніка БЕЛТА папоўніцца вельмі сур'ёзным багажом фотаздымкаў, бо на "Славянскім базары" чакаецца шмат работы", - дадала кіраўнік агенцтва.

Юбілейная фотавыстаўка БЕЛТА "Імгненні стагоддзя" пачала падарожжа па Беларусі 19 чэрвеня. Экспазіцыя адлюстроўвае асноўныя вехі ў гісторыі краіны з 1918 года па цяперашні час. Здымкі, на якіх паказаны самыя розныя падзеі, склалі надзвычай яркі і выразны партрэт Беларусі і беларусаў мінулага стагоддзя. Экспазіцыя расказвае пра няпросты лёс краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аднаўленне рэспублікі з руін, падзеі міжнароднага значэння - візіты кубінскага лідара Фідэля Кастра і прэзідэнта ЗША Рычарда М. Ніксана. На здымках прадстаўлены асноўныя спартыўныя, культурныя, прамысловыя аб'екты. І, вядома, у цэнтры ўвагі экспазіцыі самі беларусы: вядомыя асобы і звычайныя людзі, добрасумленныя працаўнікі, знаўцы сваёй справы.

У кожным з гарадоў яна дапаўняецца ўнікальнымі архіўнымі кадрамі з гісторыі рэгіёна. У Віцебску гэта 26 фотастэндаў з больш як 50 здымкамі, на якіх паказаны цікавыя моманты фестывалю "Славянскі базар" за ўсе гады яго правядзення. Наведвальнікі экспазіцыі змогуць зірнуць па-новаму на любімых артыстаў: многія з зорак трапілі ў аб'ектыў не толькі ў час выступленняў, але і ў нефармальнай абстаноўцы - у горадзе, у момант гутаркі.

Фотавыстаўка "Імгненні стагоддзя" прайшла ўжо ў Брэсце і Мінску. Да канца года яе ўбачаць усе абласныя цэнтры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі