Сцяг Субота, 23 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 верасня 2018, 16:06

Фільм "Хрусталь" увайшоў у тройку лідараў касавага збору ў мінскім пракаце

3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фільм "Хрусталь" беларускага рэжысёра Дар'і Жук увайшоў у тройку лідараў касавага збору ў мінскім кінавідэапракаце, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве "Кінавідэапракат Мінгарвыканкама".

Прэм'ера карціны ў сталічных кінатэатрах адбылася 29 жніўня, убачыць яе можна будзе да 12 верасня. Сеансы ўжо наведалі амаль 4,2 тыс. чалавек, больш за ўсё - у кінатэатрах "Беларусь" і "Мір". "Звыш 4 тыс. гледачоў менш як за тыдзень - вельмі добры вынік. Драма "Хрусталь" уступіла толькі стужкам "Гогаль. Страшэнная помста" і "Альфа". Пры неабходнасці, калі захаваецца цікавасць, паказы прадоўжым", - адзначылі на прадпрыемстве.

Як паведамлялася, фільм "Хрусталь" рэжысёра Дар'і Жук будзе вылучацца на саісканне кінапрэміі "Оскар". Таксама ён увайшоў у праграму Лонданскага кінафестывалю BFI London Film Festival. Дэбютная поўнаметражная работа беларускага рэжысёра будзе паказана 14 кастрычніка па-за конкурсам. У Беларусі фільм будзе паказаны больш як у 20 гарадах краіны.

Сусветная прэм'ера фільма адбылася ў чэрвені 2018 года на прэстыжным міжнародным кінафестывалі ў Карлавых Варах, дзе карціна адкрыла конкурсную секцыю "На Усход ад Захаду". У ліпені "Хрусталь" атрымаў Гран-пры на міжнародным кінафестывалі ў Адэсе, а ў жніўні быў удастоены двух прызоў у конкурсе "Капрадукцыя. Акно ў свет" на фестывалі расійскага кіно "Акно ў Еўропу" ў Выбаргу. На гэты момант фільм Дар'і Жук запрошаны больш як на 20 кінафестываляў па ўсім свеце.

Афіцыйная заяўка ад Беларусі на саісканне прэміі "Оскар" будзе адпраўлена разам з пракатным пасведчаннем з 30 жніўня да 1 кастрычніка: згодна з рэгламентам Амерыканскай кінаакадэміі кожная краіна мае права намініраваць адзін фільм, выпушчаны з 1 кастрычніка мінулага года па 30 верасня бягучага і паказаны ў камерцыйным кінатэатры не менш за сем дзён запар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі