Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 верасня 2016, 12:20

Фестываль "Сожскі карагод" ярка прадстаўляе культуры розных краін - Кірычэнка

19 верасня, Гомель /Юлія Лысенка - БЕЛТА/. Фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" раскрывае велізарны і разнастайны патэнцыял культур і творчасці розных краін. Такое меркаванне 16 верасня на адкрыцці восьмага фестывалю выказаў старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Свята стала брэндам Гомеля. Калі ў 1997 годзе арганізатары ўзяліся за яго правядзенне, то бачылі ў гэтым вялікую рызыку, але свята сябе апраўдала. За ўвесь час у фестывалі прынялі ўдзел звыш 16 тыс. танцораў больш як з 30 краін. Фестываль раскрывае велізарны і разнастайны патэнцыял культур і творчасці розных краін", - сказаў у прывітальным слове старшыня гарвыканкама. Ён пажадаў удзельнікам і гасцям свята здароўя, шчасця, творчых поспехаў, а гледачам - добрага настрою і прыемных уражанняў ад сустрэчы з мастацтвам.

У адрас удзельнікаў і гасцей фестывалю накіравала віншаванні віцэ-прэм'ер Беларусі Наталля Качанава. Было падкрэслена, што фестываль пастаянна пашырае свае межы, становіцца пляцоўкай, якая аб'ядноўвае розныя напрамкі і жанры харэаграфічнага мастацтва. Таксама ў віншаванні віцэ-прэм'ер выказала ўпэўненасць, што ён будзе садзейнічаць пашырэнню і ўмацаванню творчых сувязей паміж народамі розных краін, узаемаўзбагачэнню культур.

У "Сожскім карагодзе" ўдзельнічаюць калектывы больш як з 20 краін. Урачыстае адкрыццё на Цэнтральным стадыёне Гомеля наведалі амаль 7 тыс. гледачоў. Яны сталі сведкамі танцавальнай феерыі.

Арыгінальным стаў нумар з кітайскімі ліхтарыкамі. А ў кампазіцыі "Пчолы" на сцэну выйшлі прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны, Грузіі і іншых краін. Яны выканалі своеасаблівы танец дружбы, які асацыіруецца з усеагульнай працай, стварэннем на карысць усіх краін.

Узнагароджанне пераможцаў і ўдзельнікаў, гала-канцэрт, прысвечаны закрыццю "Сожскага карагода", адбыліся ў Грамадска-культурным цэнтры Гомеля 18 верасня ў 13.30. Ім папярэднічаў круглы стол, дзе ўзнімаліся актуальныя пытанні па развіцці харэаграфічнага мастацтва, выказваліся пажаданні ўдзельнікаў па правядзенні дзявятага фестывалю.

Традыцыйна ў час харэаграфічнага фестывалю прайшлі міжнародны турнір па спартыўных і бальных танцах на Кубак Гомеля "Залатая рысь", фестываль агню "ГОФФ-2016", а таксама мерапрыемствы, прысвечаныя Дню горада Гомеля.

Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" упершыню прайшоў у 1997 годзе. Яго заснавальнікамі выступаюць Міністэрства культуры, Гомельскі аблвыканкам і Гомельскі гарвыканкам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі