15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мар'інай Горцы 17 кастрычніка пройдзе XІІ Абласны фестываль народнай творчасці "Напеў зямлі маёй". Ён з'яўляецца галоўным фестывалем аматарскай творчасці рэгіёна і ахоплівае ўсю жанравую палітру народнага мастацтва, паведамілі БЕЛТА ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці.
У конкурснай праграме прымуць удзел 28 народных і ўзорных аматарскіх калектываў з усіх раёнаў Мінскай вобласці, для якіх фестываль з'яўляецца своеасаблівым экзаменам, вынікам творчай дзейнасці. Кожнаму з іх прадстаўляецца магчымасць прадэманстраваць свой талент і прафесіяналізм.
Журы ўзначальвае кампазітар, народны артыст Беларусі, старшыня Беларускага саюза кампазітараў, прафесар Ігар Лучанок. Сустаршыня журы - мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І.Цітовіча, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Дрынеўскі.
Праграмай фестывалю (пачатак у 12.00) прадугледжана мерапрыемства з нагоды святкавання Дня работнікаў культуры, конкурсная праграма. Плануецца, што канцэртная праграма з удзелам уладальнікаў Гран-пры і лаўрэатаў мінулых гадоў пачнецца ў 15.00. Завершыць фестываль урачыстае ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу. Іх чакаюць каштоўныя прызы - мікрааўтобус, камплекты гукаўзмацняльнай апаратуры, камп'ютары, студыйныя мікрафоны.
Для заахвочвання ўдзельнікаў фестывалю "Напеў зямлі маёй" свае прызы таксама вызначае Мінская гарадская арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.-0-