Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 жніўня 2017, 13:42

Фестываль на Аўгустоўскім канале адраджае традыцыі беларуска-польска-літоўскага прыгранічча

28 жніўня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Больш за 60 музычных і танцавальных калектываў сабраў на Аўгустоўскім канале фестываль, які адраджае традыцыі беларуска-польска-літоўскага прыгранічча, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Гродзенскім раёне 17-ы раз прайшоў рэгіянальны фестываль "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў". Яркае і самабытнае свята дружбы накіравана на падтрымку і развіццё беларускай, польскай і літоўскай нацыянальных культур, умацаванне і пашырэнне міжнародных культурных сувязей, развіццё турызму. Традыцыйна фестываль збірае творчыя калектывы з Беларусі і прыгранічных рэгіёнаў Польшчы і Літвы. У бягучым годзе, напрыклад, на свята прыбылі прадстаўнікі літоўскага Лаздзіяя, польскіх Аўгустова і Беластока і іншых населеных пунктаў.

"Гродзеншчына заўсёды была адным з самых шматнацыянальных рэгіёнаў краіны. Вобласць знаходзіцца на скрыжаванні не толькі гандлёвых шляхоў, але і розных культур і традыцый", - сказаў на адкрыцці свята старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Ён адзначыў, што свята трох народаў на Аўгустоўскім канале становіцца ўсё больш аўтарытэтным і папулярным, збіраючы ўсё больш гасцей. Ды і прыехаць сюды становіцца прасцей, чаму садзейнічае бязвізавы рэжым, які дзейнічае на тэрыторыі парку "Аўгустоўскі канал", нагадаў губернатар.

Пачаўся фестываль маляўнічым тэатралізаваным шэсцем. На галоўнай сцэне канцэрт давалі госці і гаспадары свята. Упершыню прайшоў на Аўгустоўскім канале і фестываль у фестывалі "Скарбы Гродзеншчыны", удзельнікі якога прадставілі аўтэнтычную беларускую творчасць. Традыцыйныя рамёствы, стравы нацыянальных прыгранічных кухань дэманстравалі на падворках устаноў культуры Гродзенскага раёна. Для аматараў актыўнага адпачынку арганізавалі гульнявую зону, прапанаваўшы паспрабаваць сябе ў незвычайных спаборніцтвах - ад забегаў на скорасць з каромыслам да стральбы па гліняных гаршках.

Акрамя таго, 26 жніўня ў рамках фестывалю прайшоў велапрабег у падтрымку Мэт устойлівага развіцця ААН. Больш за 400 чалавек з 20 краін свету, сярод якіх міністры, дыпламаты, кіраўнікі прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, пераадолелі 18-кіламетровую дыстанцыю па маляўнічых мясцінах Аўгустоўскага канала.

Рэгіянальны фестываль "Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў" у бягучым годзе сабраў некалькі тысяч гледачоў і ўдзельнікаў. Традыцыйна ён закрывае летнюю праграму масавых мерапрыемстваў на канале, аднак, як адзначылі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама, турыстычны сезон тут не спыняецца круглы год. Напрыклад, у верасні пройдзе фестываль паляўнічых традыцый пад апекай святога Губерта. Зімой побач з домікам наглядчыка канала адкрыецца сядзіба Дзеда Мароза, цяпер для яго ўзводзіцца сапраўды казачны дом.-0-

Фота Леаніда Шчаглова.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі