Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 верасня 2018, 18:32

Фестываль "Кліч Палесся" беражліва захоўвае самабытныя традыцыі - Русы

10 верасня, Петрыкаўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Фестываль "Кліч Палесся" беражліва захоўвае самабытныя традыцыі, закладзеныя нашымі продкамі. Такое меркаванне выказаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы ў час пасяджэння аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні V Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" ў аграгарадку Ляскавічы (Петрыкаўскі раён), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прыпяцкае Палессе да нашых дзён захавала рысы самабытнай культуры і побыту палешукоў. І наш абавязак - беражліва ставіцца да традыцый, якія стагоддзі таму заклалі нашы продкі. Гэта нашы вытокі, таму фестываль неабходна правесці на самым высокім узроўні і зрабіць дастойнае свята для людзей", - падкрэсліў Міхаіл Русы.

Паводле задумы аргкамітэта, канцэпцыя міжнароднага фестывалю адлюстравана ў назве адной з пляцовак "У сваім краі, як у раі". Прадстаўнікі Прыпяцкага рэгіёна на тэматычных падворках адновяць традыцыі і каларыт паселішчаў Палескага краю. Гасцей будуць сустракаць музычна-тэатралізаванай пастаноўкай, якая раскрывае версію паходжання незвычайных назваў вёсак. Удзельнікаў фестывалю запросяць на дэгустацыю страў па старадаўніх рэцэптурах, марафон "Танчым па-даўнейшаму", конкурс "Палеская прыгажуня". Арганізатары рыхтуюць народныя забавы, пазнавальныя акцыі.

На адкрыцці свята назавуць імёны прадстаўнікоў Гомельскай і Брэсцкай абласцей, удастоеных спецыяльнага звання "Ганаровы паляшук".

Для камфорту гасцей свята кожную гадзіну ад райцэнтраў Петрыкаў і Жыткавічы будуць курсіраваць дадатковыя маршруты да Ляскавіч.

V Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" збярэ 22 верасня ў аграгарадку Ляскавічы амаль 30 тыс. гасцей. Прадстаўнікі васьмі раёнаў Гомельскай вобласці і трох Брэсцкай пацвердзілі ўжо ўдзел у ім. Пяты раз маштабнае свята аб'яднае жыхароў Палесся Беларусі, Расіі і Украіны, прыбудуць таксама госці з Польшчы, Латвіі і іншых краін. Міжнародны фестываль "Кліч Палесся" накіраваны на захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый, вывучэнне і падтрымку багатай гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, а таксама ўмацаванне творчых сувязей прыгранічных рэгіёнаў. Арганізатарамі фестывалю выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскі і Брэсцкі аблвыканкамы, нацыянальны парк "Прыпяцкі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі