Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 красавіка 2017, 13:51

Фестываль "Дударскі рэй" арганізуюць у Глыбокім

14 красавіка, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Першы фестываль дударскіх рэгіёнаў "Дударскі рэй" пройдзе ў Глыбокім 6-7 мая, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч.

"Дуда - беларускі варыянт валынкі. Інакш кажучы, аналагічныя і падобныя інструменты ёсць у традыцыях многіх народаў Еўропы. Назва фестывалю тлумачыцца тым, што ў ім прымуць удзел дудары з Беларусі і замежжа, якія будуць прадстаўляць не столькі свае краіны, колькі рэгіёны. Напрыклад, чэхі з Маравіі прэзентуюць свой фальклор і дударскую традыцыю. Тое ж самае з Бельгіяй, а таксама з палякамі, якія будуць прадстаўляць рэгіён Велікапольшчу, чакаем у госці і аднаго дудара з Шатландыі", - расказала Таццяна Тарасевіч.

Акрамя райвыканкама, ініцыятарам і арганізатарам фестывалю выступае Віталь Воранаў - беларускі перакладчык, літаратар, выдавец, публіцыст, ураджэнец Глыбоцкага раёна, а цяпер жыхар польскай Познані, які выкладае ірландскую літаратуру ва ўніверсітэце чэшскага горада Брно. Віталь не забывае малую радзіму і прыязджае летам пажыць у дзедаўскай хаце ў вёсцы Удзела, займаецца адраджэннем традыцый раёна. У тым ліку і дударскіх, паколькі менавіта выхадзец Глыбоцкай зямлі Ігнат Буйніцкі ўключыў у сваю трупу музыканта-дудара.

Таму сімвалічна, што адкрывацца фестываль будзе на Алеі знакамітых землякоў каля бюста гэтага заснавальніка першага прафесійнага нацыянальнага беларускага тэатра. Тут госці сыграюць імправізацыю, як гэта заведзена ў дударскай супольнасці. "Затым у цэнтральнай раённай бібліятэцы адкрыем выставу "Дуда ў лiтаратуры". Экспазіцыя збярэ кнігі беларускіх класікаў, практычна кожны з якіх згадваў у сваіх творах гэты народны інструмент. У тым ліку будуць і старадаўнія кнігі. Тым самым мы заадно адзначым знакавую падзею - 500-годдзе беларускага кнігадрукавання", - дадала Таццяна Тарасевіч.

Яшчэ адна выстава адкрыецца ў першы дзень фестывалю ў гісторыка-этнаграфічным музеі - "Велiкапольскiя дуды ў XXI стагоддзi". "Нашы сябры з горада Познань прадаставяць унікальныя экспанаты са сваіх фондаў. А ў далейшым, калі фестываль, як мы плануем, стане традыцыйнай падзеяй на Глыбоччыне, рэгіён, што прадстаўляе свой інструмент на выставе, будзе мяняцца", - растлумачыла субяседніца. Завершыцца першы дзень фэсту ўскладаннем кветак да магілы Буйніцкага ў вёсцы Празарокі і выступленнем у санаторна-курортным комплексе "Пліса".

Другі дзень стартуе музычнай прагулкай па культурна-дэндралагічным парку ў вёсцы Мосар, які яшчэ называюць маленькай беларускай Швейцарыяй, а таксама дудары сыграюць на службе ў Касцёле беззаганнага зачацця Насвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Удзела. А затым усё дзейства зноў перамесціцца ў Глыбокае, дзе ўдзельнікі і госці (дарэчы, прыедуць і сябры глыбачан з Цэнтра беларускай культуры Даўгаўпілса, Латвія) пройдуць шэсцем ад школы мастацтваў да цэнтральнай плошчы горада. Тут, на галоўнай сцэне і адбудзецца гала-канцэрт, які азнаёміць слухачоў з музычнымі і фальклорнымі, нават танцавальнымі традыцыямі розных рэгіёнаў краін - удзельніц фэсту.

"Хачу адзначыць, што афішу свята мы таксама склалі незвычайную, яна перадае традыцыі і гістарычную спадчыну нашай зямлі. Бо Глыбоцкі раён славіцца маляванкамі паводле матываў Язэпа Драздовіча. І наш майстар намалявала маляванку-афішу, каб папулярызаваць адразу два жанры народнай творчасці", - сказала на заканчэнне Таццяна Тарасевіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі