Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 верасня 2018, 12:11

Экспертны савет вызначыць лепшыя спектаклі "Белай вежы"

11 верасня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Экспертны савет з тэатральных крытыкаў і прадстаўнікоў СМІ вызначыць лепшыя спектаклі XXIII Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая вежа", які сёння адкрываецца ў Брэсце. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, дырэктар фестывалю, заслужаны дзеяч мастацтваў Аляксандр Козак.

Беларусь у экспертным савеце прадставяць тэатральныя крытыкі Таццяна Арлова, Людміла Грамыка, Надзея Бунцэвіч і Ксенія Дубоўская. З Вільнюса прыедзе Марыя Танана, з Масквы - Уладзіслава Купрына і Кацярына Цімоніна. "Па практыцы мінулых гадоў будуць адзначаны лепшыя спектаклі сярод драматычных тэатраў. Як заўсёды, выберам лепшых акцёра і актрысу. Дыпломы павінны атрымаць і спектаклі тэатраў лялек. Новаўвядзеннем гэтага года стаў цэлы блок дзіцячых спектакляў, які мы назвалі "Белавежка". Я думаю, што адзначым лепшы спектакль дзіцячых тэатраў-студый. Плануецца шэраг спецыяльных дыпломаў - за інавацыі ў тэатральным мастацтве, творчы эксперымент і іншыя", - расказаў Аляксандр Козак.

На думку дырэктара фестывалю, яўнага фаварыта ў "Белай вежы-2018" няма. "Кожны спектакль па-свойму цікавы - інакш яго не было б у праграме фестывалю. Хтосьці бярэ рэжысурай, хтосьці - ігрой акцёраў, нейкім нетрывіяльным рашэннем. Кожны спектакль мае свае мастацкія асаблівасці", - адзначыў субяседнік.

Урачыстае адкрыццё XXIII Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая вежа" адбудзецца сёння ў 18.00. Першымі на сцэну Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы выйдуць артысты Купалаўскага тэатра, якія прадставяць сучасны погляд на класічную сатыру Мікалая Гогаля - камедыю "Рэвізор" у пастаноўцы Мікалая Пінігіна і Дзмітрыя Цішко. Усяго ж у праграму ўключана 26 спектакляў ад 25 тэатральных калектываў з 10 краін. Паказы пройдуць на пяці пляцоўках горада: у вялікай і малай залах БАТД, абласным грамадска-культурным цэнтры, Брэсцкім тэатры лялек і кінатэатры "Беларусь" (праект TheatreHD).

Тэатральнае свята ў Брэсце прадоўжыцца па 16 верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі