Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 мая 2017, 17:07

Экспазіцыя "У.Караткевіч "Дзікае паляванне караля Стаха" адкрые цыкл выставак Прэзідэнцкай бібліятэкі

17 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка "У.Караткевіч "Дзікае паляванне караля Стаха" з цыкла "Літаратура ў мастацтве" адкрые 19 мая цыкл выставак Прэзідэнцкай бібліятэкі, прысвечаных найбольш вядомым творам у беларускай літаратуры, паведамілі БЕЛТА ў бібліятэцы.

Экспазіцыі будуць прысвечаны кнігам, на якіх выхавана не адно пакаленне беларусаў і якія з'яўляюцца візітнай карткай краіны ў сусветнай культурнай прасторы. З велізарнай прасторы друкаванага слова такія кнігі вылучае не толькі тая акалічнасць, што іх сюжэт, змест і пісьменніцкае майстэрства вабяць перакладчыкаў на іншыя мовы. У гэтых кнігах закладзены велізарны патэнцыял візуальнага дзеяння, таму яны могуць быць "перакладзены" на мову іншых відаў мастацтва - выяўленчага, тэатральнага, кінематографа.

Першай сярод выставак цыкла невыпадкова стаіць знакамітая кніга Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха". Уладзімір Караткевіч разам з Васілём Быкавым узначальваюць спіс самых вядомых і самых чытаемых беларускіх літаратараў ХХ стагоддзя. Пра аўтара можна сказаць, што ён сваёй творчасцю зрабіў рэвалюцыю ў свядомасці нацыі, вярнуў народу гордасць за велічную і драматычную даўнюю гісторыю. "Дзікае паляванне караля Стаха" - шэдэўр прыгодніцкай літаратуры з рысамі інтэлектуальнага дэтэктыва. Да таго ж у ім на прыкладзе лёсу канкрэтных асоб па-мастацку выразна і ў адпаведнасці з гістарычнай праўдай паказаны наш народ і край на мяжы эпох.

Над ілюстрацыямі "Дзікага палявання..." працавалі такія выдатныя мастакі, як Арлен Кашкурэвіч, Міхаіл Басалыга, Юрый Якавенка. Кнігі з іх ілюстрацыямі пакажуць у экспазіцыі. Таксама гледачы ўбачаць асабістыя рэчы Уладзіміра Караткевіча, якія даюць уяўленне аб прадметным свеце пісьменніка ў час работы над кнігай. Партнёрамі Прэзідэнцкай бібліятэкі ў гэтым праекце з'яўляюцца Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Музей гісторыі беларускага кіно, Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены выданні класічнага твора Уладзіміра Караткевіча на роднай мове і мовах свету, творы мастацтва, прысвечаныя пісьменніку. Безумоўна, зацікавяць пісьменнікаў выстаўкі касцюмы і рэквізіт, што выкарыстоўваліся на здымках вядомага беларускага фільма па кнізе.

Азнаёміцца з выстаўкай у Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь можна да 16 чэрвеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі