Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 чэрвеня 2018, 14:58

Эксклюзіўныя фота цытадэлі над Бугам можна ўбачыць на выставе БЕЛТА ў Брэсце

19 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце сёння адбылося ўрачыстае адкрыццё юбілейнай фотавыставы БЕЛТА "Імгненні стагоддзя", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Экспазіцыя, прысвечаная 100-годдзю інфармацыйнага агенцтва, размясцілася ў фае другога паверха кінатэатра "Беларусь". Выстава ўключае 36 шырокафарматных фатаграфій (50х70 см), якія адлюстроўваюць асноўныя вехі ў гісторыі Беларусі з 1918 года да гэтага часу. У кожным абласным цэнтры яна будзе дапоўнена яшчэ прыкладна 20 здымкамі, прысвечанымі жыццю рэгіёна.

"На выставе прадстаўлены ўнікальныя архіўныя кадры. Вядома, на іх знакамітыя асобы, кіраўнік дзяржавы, але ў цэлым мы хочам паказаць моманты жыцця звычайных людзей, іх пачуцці, захапленні, - адзначыў намеснік генеральнага дырэктара БЕЛТА па ідэалагічнай рабоце Сяргей Адзярыха. - Мы не маглі абысці Брэсцкую крэпасць як сімвал мужнасці. Ёй прысвечана значная частка экспазіцыі аб вобласці. Брастаўчане могуць убачыць, наколькі разбуранай была крэпасць у гады вайны, як выглядаў горад у пасляваенны час і якім прыгожым стаў цяпер".

Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяны Гагакавай, тэма крэпасці-героя ў брастаўчан выклікае асаблівую цікавасць. "На мой погляд, выстава мае не толькі інфармацыйна-пазнавальны характар, яна матывуе на жаданне даведвацца пра мінулае малой радзімы, фарміруе гонар за сваю гісторыю і ўпэўненасць, што наша пакаленне зробіць усё, каб Беларусь і Брэсцкая вобласць упэўнена развіваліся", - падкрэсліла яна.

Першымі наведвальнікамі выставы "Імгненні стагоддзя" сталі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, моладзь. Яны з цікавасцю разглядалі архіўныя фота, абменьваліся меркаваннямі. "Найбольш спадабаліся здымкі савецкіх часоў. Яны больш эмацыянальна зараджаныя. Людзі на гэтых фотаздымках атрымаліся натуральнымі: як яны жылі, працавалі, так іх і паказалі. З сучасных уразілі кадры, зробленыя ў час збору ўраджаю. Атрымалася вельмі прыгожа", - падзялілася студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Яна Качурка.

Фотавыстава БЕЛТА ў Брэсце будзе экспанавацца да 24 чэрвеня. Далей яна адправіцца ў Віцебск. Да канца 2018 года, юбілейнага для БЕЛТА, экспазіцыя наведае ўсе абласныя цэнтры і Мінск.-0-

Фота Вадзіма Якубёнка

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі