Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 жніўня 2018, 16:48

Эксклюзіўныя фота прадстаўлены на выстаўцы БЕЛТА "Імгненні стагоддзя" ў Гродне

14 жніўня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Фотавыстаўка Беларускага тэлеграфнага агенцтва "Імгненні стагоддзя" адкрылася сёння ў Гродне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Размясцілася экспазіцыя ў адной з залаў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея ў Старым замку. Прадстаўлена больш за 100 здымкаў, прысвечаных гісторыі Беларусі з 1918 года і да нашых дзён. У Гродне выстаўка дапоўнена архіўнымі кадрамі з гісторыі рэгіёна, якія не экспанаваліся раней. Здымкі фотакарэспандэнтаў дапамагаюць наведвальнікам акунуцца ў атмасферу яркага Фестывалю нацыянальных культур, азнаёміцца з яго гасцямі і ўдзельнікамі. Частка экспазіцыі прысвечана мерапрыемствам, што праходзілі ў розны час на Аўгустоўскім канале.

На выстаўцы прадстаўлены і іншыя эксклюзіўныя здымкі, якія расказваюць пра розныя этапы беларускай гісторыі. Зрэшты, у цэнтры ўвагі перш за ўсё - жывы чалавек, з усімі пачуццямі, эмоцыямі, захапленнямі", - сказаў намеснік генеральнага дырэктара БЕЛТА па ідэалагічнай рабоце Сяргей Адзярыха. Ён падкрэсліў, што фатаграфіі даюць магчымасць у прамым сэнсе дакрануцца да мінулага, убачыць ці нават нанава перажыць тую ці іншую падзею. І ледзь ці не ўсе значныя вехі ў гісторыі краіны адлюстраваны на фота БЕЛТА: у архівах агенцтва захоўваецца больш за 300 тыс. негатываў ад пачатку стагоддзя і да сённяшніх дзён.

"Гэтыя фатаграфіі выклікаюць эмоцыі. Некаторыя з іх даюць магчымасць акунуцца ў мінулае, успомніць дзяцінства або маладосць, іншыя - задумацца", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Экспазіцыя яшчэ раз пацвярджае, што Беларусь - гэта краіна са сваёй гісторыяй, важкімі дасягненнямі, цікавымі людзьмі.

Здымкі, на якіх адлюстраваны самыя розныя падзеі, склалі надзвычай яркі і выразны партрэт Беларусі і беларусаў. Экспазіцыя расказвае пра няпросты лёс краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, будаўніцтва рэспублікі з руін, падзеі міжнароднага значэння. На фота таксама прадстаўлены асноўныя спартыўныя, культурныя, прамысловыя аб'екты.

Юбілейная фотавыстаўка БЕЛТА "Імгненні стагоддзя" прадоўжыцца ў Гродне да 21 жніўня. Яна пачала падарожжа па Беларусі 19 чэрвеня і прайшла ўжо ў Брэсце, Мінску і Віцебску. Да канца года з экспазіцыяй азнаёмяцца ва ўсіх абласных цэнтрах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі