Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 жніўня 2016, 11:32

Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей быў заснаваны 50 гадоў таму

29 жніўня, Мінск /Ганна Грамыка - БЕЛТА/. 50 гадоў таму, 29 жніўня 1966 года, у адпаведнасці з рашэннем Гродзенскага аблвыканкама заснаваны Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей.

Экспазіцыя музея, размешчаная ў васьмі залах, знаёміць з гісторыяй краю са старажытных часоў да нашых дзён. Экспануюцца каменныя прылады працы і зброя першабытных людзей (сякеры, скрабкі, нажы, наканечнікі стрэл), астанкі жывёл, на якіх палявалі нашы продкі (бівень і зуб маманта, рог тура). Прадстаўлены таксама археалагічныя знаходкі эпохі мезаліту і неаліту, човен XVI стагоддзя, дыярама мястэчка Дзятлава, прадметы розных рэлігійных канфесій часоў Вялікага княства Літоўскага.

Вайна 1812 года прадстаўлена калекцыяй ваеннай амуніцыі таго часу. Асобны стэнд прысвечаны вучоным-землякам Ігнату Дамейку, Вікенцію Дмахоўскаму і Тамашу Жаброўскаму.

У музеі экспануюцца вырабы мясцовых майстроў, прылады працы земляробаў, жывёлаводаў і рамеснікаў, узоры мастацкага ткацтва, ганчарныя і сталярныя вырабы, прадметы народнага быту (адзенне, посуд, мэбля, пісьмовыя прылады).

Спецыяльная зала прысвечана нацыянальна-вызваленчаму руху ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930 гадах. Тут прадстаўлены падпольныя газеты, транспаранты, лістоўкі, брашуры, што выдаваліся Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі, дакументы, фатаграфіі, асабістыя рэчы членаў КПЗБ і Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. Раскрываецца дзейнасць Таварыства беларускай школы, беларускага польскага клуба "Змаганне", у арганізацыі і дзейнасці якога прымаў удзел ураджэнец Дзятлаўскага раёна, беларускі паэт, публіцыст і літаратуразнавец Ігнат Сямёнавіч Дварчанін.

З Дзятлаўшчынай звязана дзейнасць Сяргея Прытыцкага, Веры Харужай, Максіма Танка і іншых выдатных беларускіх дзеячаў.

У экспазіцыі, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, прадстаўлены дакументы, фатаграфіі, асабістыя рэчы ўдзельнікаў абарончых баёў на рацэ Шчары ў чэрвені 1941 года, савецкіх воінаў, якія загінулі пры абароне Дзятлава, землякоў - абаронцаў Масквы, Ленінграда, Сталінграда, у тым ліку генерал-лейтэнанта авіяцыі Сцяпана Георгіевіча Караля. Размешчаны фатаграфіі, зброя, прадметы быту, асабістыя рэчы і ўзнагароды партызан.

Тут экспануюцца таксама матэрыялы аб разгортванні антыфашысцкага падполля і злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Дзятлаўскім раёне. Шырока раскрыта тэма вызвалення Дзятлава. Шматлікія дакументы, фотаздымкі і іншыя матэрыялы экспазіцыі адлюстроўваюць перыяд аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі.

У музеі арганізуюцца пастаянныя выстаўкі народных і прафесійных майстроў. Пастаянна працуе выстаўка мастацкай керамікі члена Саюза мастакоў Беларусі Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага. Сістэматычна праводзяцца тэматычныя экскурсіі, сустрэчы з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, творчымі работнікамі і іншыя культурна-масавыя мерапрыемствы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі