Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 красавіка 2016, 12:06

Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі ўпершыню выступіць у ЗША

26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Упершыню ў Злучаных Штатах Амерыкі выступіць калектыў Беларускай дзяржаўнай філармоніі - Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь запрошаны на ArtsNaples World Festival. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла рэдактар аддзела інфармацыі і сувязей з грамадскасцю Белдзяржфілармоніі Юлія Кардаш.

На ўзбярэжжы Мексіканскага заліва ў горадзе Нэйплс (штат Фларыда) збяруцца лепшыя музыканты з усяго свету. Тэма пятага фестывалю - Best of all worlds. Раней мерапрыемства было прысвечана рускай, лацінаамерыканскай, французскай і італьянскай музыцы. На гэтым фестывалі яго мастацкі кіраўнік, піяніст, дырыжор і грамадскі дзеяч Уільям Нол вырашыў сабраць лепшую музыку, якая расказвала б пра культуру і музычны каларыт кожнай запрошанай краіны.

Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь выступіць на трох канцэртах. Як расказаў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор аркестра Яўген Бушкоў, у праграме аркестр разам з салісткай, лаўрэатам міжнародных конкурсаў, адной з самых вядомых цымбалістак Беларусі Аляксандрай Дзенісеняй пакажа прыгажосць беларускага нацыянальнага інструмента ў час выканання канцэрта для цымбалаў Уладзіміра Кур'яна. Прагучаць таксама творы Канстанціна Яськова "Lullaby", Сяргея Картэса "Музыка для струн", фрагмент "Concerto-Grosso №2" Пятра Альхімовіча "Падарожжа па Беларусі". Праграму ўвянчае твор заснавальніка Дзяржаўнага камернага аркестра Алега Янчанкі "Малітва", які быў напісаны менавіта для гэтага калектыву.

Таксама пры падтрымцы консульства Беларусі ў ЗША арганізаваны "Вечар з беларускім камерным аркестрам" у горадзе Норд Порт для рускамоўнай аўдыторыі.

На ArtsNaples World Festival Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі сыграе і два канцэрты Пятра Чайкоўскага для скрыпкі і фартэпіяна з салістамі Філіпам Капачэўскім і Надзірам Хашымавым, а таксама канцэрт беларускай музыкі. Выступленні адбудуцца 30 красавіка, 1 і 3 мая.

Музыку ў выкананні Дзяржаўнага камернага аркестра пачуюць за акіянам дзякуючы садзейнічанню міністэрстваў культуры, замежных спраў Беларусі і Белдзяржфілармоніі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі