Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 мая 2017, 13:42

Дзяніс Мацуеў плануе ў 2018 годзе арганізаваць свой фестываль у Беларусі

22 мая, Плёс /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Народны артыст Расіі выдатны піяніст Дзяніс Мацуеў плануе ў 2018 годзе арганізаваць свой фестываль у Беларусі. Аб гэтым музыкант паведаміў журналістам у горадзе Плёсе Іванаўскай вобласці пасля сольнага канцэрта на Дачным фестывалі імя Шаляпіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ёсць думка зрабіць фестываль у Мінску на будучы год, і я ўпэўнены, што яна ўвасобіцца ў нейкую цікавую гісторыю, - сказаў Дзяніс Мацуеў. - Таму што я вельмі люблю мінскую публіку, у мяне шмат стыпендыятаў з Беларусі, і наогул фартэпіянная школа там працвітае". Ён дадаў, што фестываль будзе ўключаць у сябе не толькі канцэрты, але і майстар-класы.

Праслаўлены піяніст адзначыў, што ён ужо чатыры гады запар прыязджае ў Беларусь з рознымі праграмамі - і з класічнымі, і з джазавымі. Акрамя Мінска ён бываў у Віцебску, дзе адбыўся, паводле яго слоў, незабыўны сольны канцэрт у Шагалаўскім музеі. "Ёсць думка з'ездзіць у Гомель, Брэст, - расказаў Дзяніс Мацуеў. - Можа, у рамках гэтага фестывалю я аб'еду некалькі гарадоў".

Дачны фестываль імя Шаляпіна прайшоў у Плёсе 20-21 мая. Ён з'яўляецца ўжо трэцім па ліку. Яго адкрыла сольнае выступленне Дзяніса Мацуева.

Беларускія журналісты змаглі пабываць у Плёсе на Шаляпінскім фестывалі дзякуючы прэс-туру, арганізаванаму Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы і інфармацыйным агенцтвам "Расія сёння".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі