20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Джазавую версію песні для "Еўрабачання" беларускага ўдзельніка конкурсу Сашы Мінёнка тэлегледачам прадставяць 25 кастрычніка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
Да фіналу міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016", які адбудзецца ў горадзе Валета (Мальта) 20 лістапада, застаўся роўна месяц. Рыхтуючыся да маштабнага песеннага форуму, афіцыйны прадстаўнік Беларусі Аляксандр Мінёнак запрашае ўсіх жадаючых на сяброўскую вечарынку, якая пройдзе ў ДК "МАЗ" 22 кастрычніка.
Гасцей вечарынкі чакае шмат музыкі і песень, весялосці і прыемныя сюрпрызы. Напрыклад, для сваіх паклоннікаў і ўсіх фанатаў конкурсу "Еўрабачанне" Аляксандр Мінёнак прадставіць джазавую кавер-версію песні "Музыка маіх перамог" на англійскай мове.
У аўторак, 25 кастрычніка, новую версію кампазіцыі змогуць пачуць гледачы "Беларусь 1" у праграме "Добрай раніцы, Беларусь!". Кавер таксама будзе даступны інтэрнэт-карыстальнікам на сайце Белтэлерадыёкампаніі tvr.by і дзіцячага "Еўрабачання" junioreurovision.tv. Міжнародны дзіцячы конкурс "Еўрабачанне-2016" пройдзе пад дэвізам "Ахопліваць (Embrace)". Арганізатары (мальтыйская грамадская тэлекампанія PBS) распрацавалі канцэпцыю, у аснове якой - ідэя фестывальнага тыдня, а цэнтрам стане сталіца краіны - горад Валета.
У гэтым годзе Еўрапейскі вяшчальны саюз унёс некаторыя змяненні ў правілы і парадак правядзення дзіцячага "Еўрабачання". Па-першае, новаўвядзенні датычацца часу і дня прамой трансляцыі шоу. Раней конкурс праводзіўся па суботах у вячэрнім эфіры і завяршаўся апоўначы, што не з'яўляецца аптымальным часам для мэтавай падлеткавай аўдыторыі. Цяпер жа трансляцыя перанесена на нядзелю з размяшчэннем у дзённым эфіры ў 16.00 па сярэднееўрапейскім, а гэта 18.00 - па мінскім часе.
У бягучым годзе пераможцу міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" вызначаць тры склады журы: нацыянальныя дзіцячае і дарослае журы, якія будуць галасаваць у краінах - удзельніцах конкурсу ў час генеральнай рэпетыцыі, а таксама прафесійнае журы, якое будзе галасаваць непасрэдна ў час шоу на Мальце.
Прамую трансляцыю міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" традыцыйна будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24".
Падрыхтоўку ўдзельніка да міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў Беларусі член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.-0-