Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 мая 2016, 16:20

Дзень адкрытых дзвярэй пройдзе ў Вялікім тэатры 25 мая

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі запрашае на Дзень адкрытых дзвярэй 25 мая. Паклоннікі опернага і балетнага мастацтва змогуць падзяліць з тэатрам радасную падзею - 83-ы дзень нараджэння. Інфармацыя аб гэтым размешчана на сайце тэатра, паведамляе БЕЛТА.

Тэатр адкрые свае дзверы для гасцей з 12.00. Наведвальнікаў будуць сустракаць экскурсаводы, якія раскажуць аб гісторыі тэатра і прыадкрыюць многія тайны творчага жыцця. У час адкрытых дзвярэй можна будзе ўбачыць старыя афішы, фатаграфіі, узнагароды.

Для аматараў сэлфі арганізатары падрыхтавалі адразу некалькі яркіх фотазон. Фотазона "Мадам Батэрфляй" уяўляе сабой памост у японскім стылі. Тут ёсць шырмы, веер і нават дрэва сакуры. Побач размяшчаецца вынасны грымёрны цэх. У фотазоне "Царская нявеста" можна сфатаграфавацца на фоне манекенаў з касцюмамі са спектакля і прымерыць шапку Манамаха. У фотазоне "Аіда" ёсць маленькія сфінксы і велічны трон.

Балетны куток пакажа мужчынскія і жаночыя касцюмы з розных балетаў. Тут таксама разгорнецца майстэрня па пашыве балетак: можна будзе разгледзець загатоўкі для абутку, выкрайкі.

У бутафорскай майстэрні будзе царскі стол са стравамі. Адбудзецца майстар-клас па вырабе бутафорыі.

Мастакі з каледжа імя А.К.Глебава на вачах у гледачоў створаць партрэт балерыны.

Каля "Куфра пажаданняў" будзе знаходзіцца Васіліса Прыгожая, у якой можна папрасіць лісты для пажаданняў і фламастары. Тут можна даць волю сваім творчым здольнасцям і падабраць самыя цёплыя словы для віншавання тэатра з днём нараджэння.

У зоне "Вялікі тэатр дзецям" адбудзецца выступленне дзіцячага хору. Самых маленькіх гасцей чакае таксама забаўляльная праграма ад прадстаўнікоў часопіса "Незнайка", выступленне салістаў оперы ў казачных касцюмах.

Упершыню ў Дзень адкрытых дзвярэй у камернай зале імя Л.П.Александроўскай пройдуць сустрэчы з мастацкім кіраўніцтвам і творчымі работнікамі тэатра. Сустрэчы адбудуцца з 12.10 да 16.40.

Запісацца на творчыя сустрэчы можна, адправіўшы заяўку на адрас pr@belarusopera.by. Таксама запіс ажыццяўляецца па тэлефоне (8017) 286-78-02.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі