Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 жніўня 2018, 16:20

Дом дружынніка Х стагоддзя знайшлі археолагі каля Гальшан

2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У час археалагічных раскопак на паселішчы каля вёскі Гальшаны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці знойдзены дом дружынніка Х стагоддзя, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік экспедыцыі, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павел Кенька.

Каля Гальшан знаходзіцца комплекс археалагічных помнікаў, які ўключае гарадзішча, паселішча і тры курганныя групы. Гальшаны ўпершыню згадваюцца ў "Хроніцы Быхаўца". "У бягучым годзе ў час раскопак на паселішчы ўдалося знайсці жылую пабудову Х стагоддзя. Яна ўяўляе сабой два ланцугі фундамента з вялікіх валуноў, печку-каменку, ачаг для гатавання ежы, а таксама канструкцыю з вялікіх плоскіх камянёў, прызначэнне якой яшчэ трэба будзе высветліць", - сказаў Павел Кенька.

Такія пабудовы сустракаліся ў найбольш важных цэнтрах беларускага і літоўскага Панямоння (Ваўкавыску, Крэве, Навагрудку, Вільнюсе).

У пабудове знойдзены прадметы, якія датуюцца Х стагоддзем: паязныя накладкі на дружынны пояс з Волжскай Булгарыі, фрагмент наканечніка ножан мяча са Скандынавіі, фрагмент сярэбранага дырхема, адчаканенага ў Арабскім халіфаце, гірка для ўзважвання серабра, фрагмент бранзалета і гузік на кафтан з Кіева. Гэты набор артэфактаў уяўляе сабой рэчы дружынніка, маючыя як паўночнае (скандынаўскае), так і паўднёвае (хазарска-венгерскае) паходжанне, якія адлюстроўваюць моду таго часу.

З 2007 года ў Гальшанах штогод працуе археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Работы праводзяцца па заказе ўпраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама і ў 2018-м прысвечаны Году малой радзімы. У даследаваннях прымаюць удзел школьнікі гістарычнага лагера "Кентаўры".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі