Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 кастрычніка 2018, 15:58

Дні кіно "Тураўская восень" пройдуць у Магілёве

22 кастрычніка, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Дні кіно "Тураўская восень", прысвечаныя памяці вядомага беларускага кінарэжысёра Віктара Турава, пройдуць 22-24 кастрычніка ў Магілёве. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Магілёўскім дзяржаўным прадпрыемстве "Кінавідэапракат".

Кінаманаў чакаюць рэтраспектыўныя паказы ў кінатэатрах абласнога цэнтра сямі мастацкіх фільмаў Віктара Турава: "Кіндэр-Вілейскі прывід", "Я родам з дзяцінства", "Пункт адліку", "Вайна пад стрэхамі", "Чорны бусел", "Сыны ідуць у бой", "Час яе сыноў", а таксама дакументальнай стужкі. 23 кастрычніка перад будынкам кінатэатра "Радзіма" пройдзе мітынг з ускладаннем кветак да памятнай дошкі Віктару Тураву.

Віктар Тураў нарадзіўся ў Магілёве 25 кастрычніка 1936 года. Свой шлях у мастацтва ён пачынаў на кінастудыі "Беларусьфільм", куды прыйшоў у 1959 годзе. Міжнароднае прызнанне атрымаў у 1965-м пасля стварэння свайго першага поўнаметражнага фільма "Праз могілкі" паводле аповесці Паўла Ніліна. За 37 гадоў творчага жыцця рэжысёр і сцэнарыст Віктар Тураў стварыў 26 фільмаў, многія з якіх адзначаны ўзнагародамі самых прэстыжных кінафестываляў. Так, мастацкі фільм "Праз могілкі" рашэннем ЮНЕСКА ў 1994 годзе ўнесены ў спіс 100 лепшых фільмаў свету. У 1995 годзе Віктар Тураў увайшоў у лік 50 самых вядомых кінематаграфістаў свету, што сведчыць аб высокай ацэнцы творчасці і прафесіяналізму беларускага кінарэжысёра.

У абласным цэнтры на фасадзе кінатэатра "Радзіма" 29 кастрычніка 2003 года была адкрыта памятная дошка Віктару Тураву. У Магілёве ёсць вуліца, названая ў яго гонар. Дні кіно, прысвечаныя беларускаму кінарэжысёру і сцэнарысту, народнаму артысту Беларусі (1979) і СССР (1986), лаўрэату Дзяржаўнай прэміі СССР (1984), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996, пасмяротна), праходзяць у горадзе на Дняпры з 2001 года. 25 кастрычніка 2018 года майстру споўнілася б 82 гады.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі