Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 сакавіка 2018, 15:24

Дамоўленасці аб сумесных праектах сталі вынікам работы міжнароднага сімпозіума літаратараў

2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дамоўленасці аб сумесных праектах сталі вынікам работы IV Міжнароднага сімпозіума літаратараў "Пісьменнік і час", паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску галоўны рэдактар часопіса "Нёман" Аляксей Чарота, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Такія мерапрыемствы працуюць на імідж краіны, многія госці падкрэсліваюць, што аналагічных пляцовак, дзе пісьменнікі маюць магчымасць абмяркоўваць агульныя хвалюючыя пытанні, няма ў іншых краінах. "Нам па-добраму зайздросцяць і з радасцю прыязджаюць", - сказаў Аляксей Чарота.

Вынікам работы сімпозіума сталі заключаныя дагаворы з канкрэтнымі арганізацыямі розных краін. Так, заключыў дагавор аб супрацоўніцтве выдавецкі дом "Звязда" з Інстытутам літаратуры і мастацтва Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан. Беларускія пісьменнікі дамовіліся аб супрацоўніцтве з сербскім выдавецтвам, з часопісам "Простор" з Казахстана, часопісам "Памир" з Таджыкістана і інш.

Дзякуючы такім сустрэчам вырашаюцца канкрэтныя пытанні па публікацыі і папулярызацыі беларускай літаратуры за мяжой, беларускія чытачы атрымліваюць магчымасць азнаёміцца з замежнай літаратурай. Да гэтай выстаўкі, паколькі пачэсным госцем была Сербія, убачылі свет спецыяльныя выпускі часопісаў "Нёман", "Полымя", "Маладосць", газета "Літаратура і мастацтва", прысвечаныя сербскай літаратуры і культуры. А ў Сербіі апублікавана вялікая падборка твораў беларускіх аўтараў.

Акрамя таго, часопіс "Полымя" правёў перагаворы з Саюзам пісьменнікаў Латвіі аб абмене літаратурнымі публікацыямі і перакладамі, наладжваюцца кантакты не толькі з выданнямі, але і самімі аўтарамі. Напрыклад, у гэтым годзе на сімпозіуме быў прадстаўлены зборнік твораў 19 беларускіх паэтаў на чачэнскай мове.

Акрамя пленарнага пасяджэння быў арганізаваны круглы стол па пытаннях развіцця літаратурных сувязей у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, круглы стол, прысвечаны беларуска-расійскім сувязям пісьменнікаў, семінар маладых перакладчыкаў, семінар маладых літаратараў.

Усяго ў сімпозіуме прынялі ўдзел больш за 40 пісьменнікаў, крытыкаў, літаратуразнаўцаў, журналістаў з 21 краіны. У гэтым годзе ў беларускую сталіцу прыехалі ўпершыню літаратары з Кыргызстана, Чувашыі. Пастаяннымі ўдзельнікамі мерапрыемства з'яўляюцца пісьменнікі з Расіі, Украіны, Латвіі, Азербайджана. Праграма мерапрыемстваў на працягу трох дзён прадугледжвала наведванне музеяў, удзел у круглых сталах, дыскусіях.

Арганізатарамі сімпозіума літаратараў сталі Міністэрства інфармацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Частка мерапрыемстваў арганізавана ва ўзаемадзеянні з Міжнародным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД і пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі