Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 ліпеня 2018, 15:52

Букераўская прэмія назвала лепшую кнігу за 50 гадоў

9 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канадскі пісьменнік Майкл Андатжэ стаў лаўрэатам "Залатой букераўскай прэміі". Яго раман "Англійскі пацыент" 1992 года прызнаны лепшай кнігай за 50 гадоў прэміі, паведамляе ТАСС.

"Англійскі пацыент" - гэта той рэдкі раман, які пранікае пад скуру і настойвае, каб вы зноў і зноў да яго вярталіся, кожны раз прыносячы здзіўленне і асалоду", - сказала на цырымоніі ўручэння прэміі ў Лондане член журы, брытанска-пакістанская пісьменніца Каміла Шамсі.

Лепшая кніга за 50 гадоў была выбрана шляхам адкрытага галасавання, на якое было выстаўлена пяць кніг: "Воўчая зала" Хілары Мэнтэл, "Лінкальн у бардо" Джорджа Сондэрса, "У свабоднай дзяржаве" Відыядхара Найпала, "Месячны тыгр" Пенелопы Лайвлі і "Англійскі пацыент" Майкла Андатжэ.

Па матывах рамана "Англійскі пацыент" у 1996 годзе брытанскі рэжысёр Энтані Мінгела зняў аднайменны фільм, які атрымаў дзевяць "Оскараў", у тым ліку ў намінацыях за лепшы фільм і лепшую рэжысуру.

Дзеянне кнігі "Англійскі пацыент" адбываецца ў італьянскім манастыры, дзе абгарэлага пацыента даглядае канадская медсястра. Падзеі адбываюцца ў час Другой сусветнай вайны, Паўночнаафрыканскай кампаніі, дзе процістаялі адзін аднаму англа-амерыканскія і італа-германскія войскі.

Цяперашняе ўручэнне "Залатога Букера" прымеркавана да 50-годдзя Букераўскай прэміі. У 1993 годзе лепшай кнігай за 25 гадоў існавання прэміі сталі "Дзеці паўночы" Салмана Рушдзі. У 2008 годзе гэты ж твор быў прызнаны лепшай кнігай за апошнія 40 гадоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі