Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 чэрвеня 2016, 10:48

Брэсцкі драмтэатр завяршае сезон дзвюма прэм'ерамі

28 чэрвеня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Заслужаны калектыў "Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі" завяршае чарговы, 72-і па ліку, тэатральны сезон дзвюма прэм'ерамі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Вера Шэлест.

Першую прэм'еру, падрыхтоўка да якой пачалася некалькі месяцаў таму, гледачы ўбачаць на малой сцэне тэатра 5 ліпеня. Спектакль-сон "Рака Патудань" па аднайменнай аповесці Андрэя Платонава паставіў Мікалай Капульцэвіч. Гэта дэбютная работа маладога рэжысёра на прафесійнай сцэне. Выпускнік курса Мікалая Пінігіна, скончыў акадэмію мастацтваў у гэтым годзе. З яго лёгкай рукі ўпершыню ў рэпертуарнай афішы БАТД з'явілася імя Платонава.

"Спектакль у многім эксперыментальны. Аўтар пастаноўкі максімальна карэктны ў адносінах да тэксту і своеасаблівай мовы Платонава. Лаканічныя, калі не сказаць аскетычныя, дэкарацыі дапамагаюць перанесціся ў пачатак ХХ стагоддзя. Тут занята шмат маладых акцёраў. Адну з галоўных роляў выконвае выпускніца тэатральнага аддзялення Брэсцкага музычнага каледжа Настасся Пералайка. Гэта яе першая сур'ёзная работа на сцэне", - расказала загадчыца літаратурнай часткі.

А 10 ліпеня таксама на малой сцэне адбудзецца другая прэм'ера месяца - спектакль "Сватанне" па аднаактнай п'есе А. Чэхава. Рэжысёр Валянціна Янавец паставіла лёгкую камедыю, у аснову сюжэта якой пакладзена сватанне пажылога памешчыка. Галоўныя ролі выконваюць акцёры Мікалай Маршын і Наталля Лабко. Паводле слоў Веры Шэлест, пастаноўка чакаецца даволі маляўнічай: з танцамі, жартамі, песнямі.

У тэатры на працягу ліпеня адбудзецца па чатыры прэм'ерныя паказы двух новых спектакляў, пасля чаго тэатральная трупа пойдзе ў адпачынак. Наступны раз дзверы БАТД адкрыюцца напярэдадні ХХІ Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая вежа".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі