Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 красавіка 2017, 13:29

Больш за тысячу рарытэтных дакументаў з архіва Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра прадстаўлены ў Мінску

4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Найбагацейшы архіў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра прадстаўлены на выстаўцы "Дакументальная спадчына Беларусі XVI-XIX стагоддзяў: архіў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра" ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў Беларускай праваслаўнай царкве.

Выстаўка прымеркавана да Года навукі і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Дзякуючы супрацоўніцтву музея з Нацыянальным гістарычным архівам удалося апрацаваць і перавесці ў лічбавы варыянт больш за тысячу рарытэтных дакументаў. Самыя каштоўныя з іх прадстаўлены на экспазіцыі разам са старадрукаванымі кнігамі, абразамі, а таксама фотаматэрыяламі, на якіх, у прыватнасці, адлюстравана ўбранне слуцкіх храмаў, знішчаных у гады ліхалецця.

Першае згадванне аб Слуцкім Свята-Троіцкім манастыры датуецца 1445 годам. Пасля заключэння ў 1596 годзе Брэцскай уніі манастыру была даравана каралеўская грамата, якая пацвярджала яго праваслаўны статус. У наступныя два стагоддзі манастыр быў апорай праваслаўя ў Рэчы Паспалітай. Архімандрыты манастыра з 1659 года з'яўляліся намеснікамі мітрапаліта Кіеўскага на землях Вялікага Княства Літоўскага. Пасля заснавання ў 1793 годзе ў Мінску архірэйскай кафедры Свята-Троіцкі манастыр служыў некаторы час архірэйскай рэзідэнцыяй. У 1930-м ён быў закрыты, у 1950-я гады манастырскія пабудовы былі разбураны.

Пры манастыры існаваў найбагацейшы архіў, першы акт якога датуецца 1517 годам. Дакументы, якія былі ў манастыры, усебакова асвятляюць духоўнае, палітычнае, культурнае жыццё старабеларускага грамадства. Цяпер унікальны збор дакументаў знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея.

На адкрыцці выстаўкі 3 красавіка благачынны Слуцкай царкоўнай акругі, ключар кафедральнага сабора Архангела Міхаіла ў Слуцку протаіерэй Ігар Штэпа выказаў удзячнасць вучоным за клопат аб захаванні духоўнай спадчыны беларускага народа і нагадаў, што асаблівае заступніцтва Свята-Троіцкаму манастыру аказвала праведная княгіня Сафія Слуцкая. Тут жа да 1930 года знаходзіліся святыя мошчы ўгодніцы Божай. Айцец Ігар таксама расказаў аб Царкоўна-гістарычным музеі Слуцка-Салігорскай епархіі, створаным у 2015 годзе на базе прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Чыжэвічы Салігорскага раёна.

Падтрымку ў арганізацыі экспазіцыі аказалі Міністэрства культуры і Нацыянальны гістарычны архіў.

Выстаўка "Дакументальная спадчына Беларусі XVI-XIX стагоддзяў: архіў Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра" працуе да 9 красавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі