Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 студзеня 2017, 15:47

Больш як 5,5 тыс. аб'ектаў спадчыны ў Беларусі маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

9 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 5,5 тыс. аб'ектаў спадчыны ў Беларусі маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве культуры.

Па стане на 1 студзеня 2017 года ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 5 тыс. 552 аб'екты спадчыны, з якіх 5 тыс. 352 - матэрыяльныя нерухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці, 89 - матэрыяльныя рухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці і 111 нематэрыяльных праяў творчасці чалавека.

Для захавання і папулярызацыі беларускай культуры ў свеце, пашырэння прысутнасці беларускіх аб'ектаў у спісе Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА рэалізуюцца мерапрыемствы па распрацоўцы дасье аб'ектаў для ўключэння ў Спісы сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Падрыхтоўку матэрыялаў дасье прадугледжвае Дзяржаўная праграма "Культура Беларусі" на 2016-2020 гады. Плануецца, што ў Цэнтр Сусветнай спадчыны Беларусь прадставіць не менш як 5 дасье да 2020 года.

У 2016 годзе на ўключэнне ў Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА была прадстаўлена беларуская традыцыя "Святкаванне ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай". У мінулым годзе спецыялісты ЮНЕСКА правялі экспертызу гэтага элемента нематэрыяльнай культуры Беларусі для прадстаўлення свайго заключэння на разгляд Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА.

Цяпер для ўключэння ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА рыхтуюцца дасье "Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны святой Еўфрасінні Полацкай на прыкладзе Спаса-Праабражэнскай царквы ў г.Полацку Віцебскай вобласці" і "Аўгустоўскі канал - твор чалавека і прыроды на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча". Як плануецца, у 2017-2018 гадах убачыць свет дасье па намінацыі "Каложская (Барысаглебская) царква ў г.Гродне як прыклад гродзенскай архітэктурнай школы", у 2018-2019 гадах - "Культавыя пабудовы абарончага тыпу ў Сынковічах (Зэльвенскі раён Гродзенскай вобласці), Мураванцы (Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці), Камаях (Пастаўскі раён Віцебскай вобласці)". Яшчэ адно дасье па трансгранічным аб'екце "Культавае драўлянае дойлідства XVI-XIX стагоддзяў на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Польшчы" будзе падрыхтавана ў 2019-2020 гадах.

Як дадалі ў Міністэрстве культуры, цяпер у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА ўнесены беларускія аб'екты: замкавы комплекс "Мір" у г.п.Мір Гродзенскай вобласці (год унясення - 2000-ы), архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі роду Радзівілаў у г.Нясвіж Мінскай вобласці (2005 год). Акрамя таго, беларускае прадстаўніцтва распаўсюджваецца на трансгранічны аб'ект Геадэзічныя пункты "Дуга Струвэ" (2005 год) і аб'ект прыроднай спадчыны "Белавежская пушча" (1992 год, 2014 год).

Міністэрства культуры Беларусі супрацоўнічае з Саветам Еўропы, рэалізуючы праект Савета Еўропы "Удзел грамадства ў аднаўленні гістарычных гарадоў" (COMUS). У цэнтры праекта - горад Мсціслаў Магілёўскай вобласці. Акрамя таго, Беларусь штогод удзельнічае ў акцыі Савета Еўропы Дні еўрапейскай спадчыны.

У ведамстве дадалі таксама, што ў снежні мінулага года вялася рэстаўрацыя скульптурнай кампазіцыі "Працаўнікі Беларусі" павільёна "Рэспубліка Беларусь" на тэрыторыі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве. У бягучым годзе плануецца прадоўжыць работы па аднаўленні страчаных скульптурных кампазіцый "Воін Чырвонай Арміі і Беларускі партызан", "Рабочы і калгасніца", "Беларускі герб, акружаны сцягамі" і свяцілень для павільёна "Рэспубліка Беларусь" на тэрыторыі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі