Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 чэрвеня 2017, 17:30

Больш як 13 тыс. дзяцей прынялі ўдзел у конкурсе чытальнікаў "Жывая класіка"

20 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 13 тыс. дзяцей прынялі ўдзел у рэспубліканскім творчым конкурсе юных чытальнікаў "Жывая класіка", паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Творчы конкурс юных чытальнікаў "Жывая класіка" праводзіцца ўжо не першы раз, але толькі ў бягучым годзе ён атрымаў фармат маштабнага ўсёабдымнага рэспубліканскага мерапрыемства, удзельнікамі якога сталі дзеці з розных куткоў Беларусі", - адзначыў Аляксандр Карлюкевіч.

Заключны этап конкурсу пройдзе 1 і 2 верасня ў Полацку ў Дзень беларускага пісьменства. У паўфінале прымуць удзел 34 пераможцы абласных і мінскага гарадскога адборачнага тура. Па яго выніках 12 чалавек будуць спаборнічаць у фінале.

Паводле слоў намесніка міністра, гэты конкурс важны для папулярызацыі чытання беларускай і рускай, класічнай і сучаснай літаратуры, паколькі на творчым спаборніцтве гучаць творы самых розных аўтараў.

Ён дадаў, што арганізатары, а гэта Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне", робяць усё магчымае, каб інфармацыя аб конкурсе разышлася як мага шырэй: не толькі ў СМІ, але і ў сацыяльных сетках, дзе па ініцыятыве ўстаноў адукацыі з'явяцца групы чытальнікаў.

Як паведаміла начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Беларусі Марыя Саротнік, усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 13 тыс. 394 вучні ўстаноў адукацыі Беларусі ад 6 да 16 гадоў. Найбольш актыўнай стала Гродзенская вобласць - больш як 4 тыс. удзельнікаў, на другім месцы Віцебская вобласць, на трэцім - Магілёўская.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі