17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Штогадовая міжнародная акцыя "Бібліяноч" пройдзе 21 красавіка ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Захапляльныя праграмы з 19.00 да 23.00 падрыхтавалі сем сталічных бібліятэк. Так, навуковая бібліятэка БНТУ запрашае ў свет коміксаў і фантастыкі. Тут можна сустрэцца з такімі пісьменнікамі, як Вольга Грамыка, Людміла Рублеўская, Сяргей Слюсарэнка, а таксама прыняць удзел у віктарынах, намаляваць гіганцкі агульны комікс.
У Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэцы мерапрыемствы прысвечаны медыцыне. Гасцей чакаюць інтэлектуальны батл "Узрыў мозгу", ядзерны квест, арт-тэрапеўтычнае святломузычнае шоу, дэгустацыя травяной гарбаты і азнаямленне з лячэннем п'яўкамі.
У Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы можна прагуляцца па Камароўскім тракце, Літаратурным прадмесці, Музычным завулку, вуліцах Францыска Скарыны, Іерусалімскай і Сонечнай. У планах - нясумныя сустрэчы з вядомымі аўтарамі, бардамі і музыкантамі, антыгламурная літаратурная прэмія, загадкавы квест "Скарбы пакаленняў", майстар-класы па беларускай і яўрэйскай кухні, рэтра-кінатэатр.
Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі запрашае на "Ноч адкрыццяў". Для наведвальнікаў будуць працаваць незвычайныя лабараторыі і воркшопы. Разабрацца з унутраным светам дапаможа інтэрактыўная лекцыя эксперта-псіхолага. Культурная праграма ўключае песенную класіку легендарных "Песняроў", беларускія народныя танцы і эфектнае святлодыёднае шоу.
Упершыню ў акцыі ўдзельнічае бібліятэка філіяла Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта. Тэма вечара - "Блізкія людзі". Зарад пазітыву падорыць мінчанам студэнцкі канцэрт "Як добра, што ўсе мы тут сёння сабраліся!", а таксама адбудзецца прэзентацыя кнігі "Сацыяльныя паслугі сям'і, якая выхоўвае дзіця з інваліднасцю", майстар-клас ад псіхолага, гульня "Падарожжа ва ўнутраную прастору".
Фундаментальная бібліятэка БДУ часова стане танцпляцоўкай для стыляг. Акрамя вечарынкі "Стыльны аранжавы гальштук" прадугледжаны паказ калекцый ад Fashion Style, Game-zone, фотаатэлье, зона сэлфі.
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрыецца 16 тэматычных пляцовак, разлічаных на розны ўзрост. Маленькім наведвальнікам прапануюць аквагрым, займальныя хімічныя вопыты, шоу мыльных бурбалак, майстар-класы юных мастакоў і інш. У праграме - мора музыкі, настольныя гульні, сустрэча з міжнародным гросмайстрам па шашках Андрэем Валюком, майстар-класы па make-up, відэаўрокі па садоўніцтве, назіранне за зорным небам у тэлескоп, лекцыя пра Сусвет, жартоўны астрапрагноз і інш.
Усяго "Бібліяноч-2017" налічвае амаль 150 мерапрыемстваў. Уваход на іх свабодны.-0-