Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
31 ліпеня 2017, 17:42

Беларуска-расійскі фільм "Жыццё пасля жыцця" здымае ў Мінску Дзмітрый Астрахан

31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Здымкі сумеснага беларуска-расійскага фільма "Жыццё пасля жыцця" пачаў у Мінску вядомы рэжысёр Дзмітрый Астрахан, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Ігар Поршнеў.

Меладрама "Жыццё пасля жыцця" - сумесны праект "Беларусьфільма" і расійскай кампаніі МАВР. Сцэнарый фільма "Жыццё пасля жыцця" стаў пераможцам конкурсу кінапраектаў, які праводзіўся Міністэрствам культуры Беларусі. Карціна здымаецца таксама пры падтрымцы Міністэрства культуры Расіі.

"Дзмітрый Астрахан прапанаваў фільм па сцэнарыі свайго даўняга сцэнарыста Алега Данілава. Я не ведаю ніводнай непаспяховай работы гэтага творчага тандэма. Яны могуць быць спрэчнымі, але заўсёды прыкметныя. Алег Данілаў - даследчык чалавечых душ і пачуццяў. У яго сцэнарыях ёсць загадка і адгадка, заўсёды атрымліваецца "народнае кіно", яно запатрабавана, глядач ніколі не застаецца абыякавым", - пракаменціраваў Ігар Поршнеў новую кінаработу.

Паводле сюжэта фільма, людзі, якія па-сапраўднаму любяць адзін аднаго, могуць быць разам нават пасля смерці. "Нябесная" камісія праводзіць дасканалы адбор тых, чые пачуцці шчырыя, для каго вечнасць разам стане ўзнагародай, а не пакараннем. У полі зроку "нябеснага суда" трапляюць муж і жонка Нячаевы. Вядомы кінапрадзюсар і заядлы тусоўшчык Юрый Нячаеў, якога іграе Аляксандр Дамагараў, не можа прапусціць кінафорум у Прыморску. Там будзе і яго пратэжэ - актрыса Святлана Макеева. Але жонка Юрыя Лена (Таццяна Кабанава) мае намер змагацца за сямейнае шчасце. У фільме таксама будзе занята Ганна Семяновіч, запрошаны і беларускія артысты.

У Мінску здымкі карціны "Жыццё пасля жыцця" прадоўжацца да 20 верасня. Здымачнай пляцоўкай для фільма стане плошча Якуба Коласа, тэрыторыя каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, некалькі кафэ і рэстаранаў. Здымкі таксама пройдуць у Маскве, да канца года работу над фільмам плануецца завяршыць. Чакаецца, што "Жыццё пасля жыцця" ўбачыць свет як кіно для вялікага экрана, будзе і тэлеверсія.

Расійскі рэжысёр Дзмітрый Астрахан зняў у Мінску больш за 20 карцін і, па яго прызнанні, вельмі любіць беларускую сталіцу. У ліку вядомых карцін рэжысёра "Ты ў мяне адна", "Алхімікі", "Усё будзе добра!", "Зала чакання", "Дзетачкі", "З пекла ў пекла".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі