Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 лістапада 2017, 10:49

Беларуска Хелена Мерааі ў фінале дзіцячага "Еўрабачання" выступіла на дастойным узроўні - эксперты

27 лістапада, Тбілісі /Кар. БЕЛТА/. Хелена Мерааі ў фінале дзіцячага "Еўрабачання" выступіла на самым высокім узроўні. Такім меркаваннем з карэспандэнтам БЕЛТА падзялілася дырэктар Міжнароднага конкурсу мастацтваў "Зорныя кветкі", дырэктар адукацыйна-прадзюсарскага цэнтра Наталля Скопец.

"Нумар быў адпрацаваны. Уся вакальная, уся тэхнічная часткі былі падрыхтаваны на вышэйшым узроўні. Я як прафесіянал, як дырэктар міжнароднага праекта, як член Сусветнай асацыяцыі фестываляў (WAF) магу сказаць, што выступленне было дастойным", - сказала Наталля Скопец. Яна адзначыла, што па выніках галасавання паклоннікаў Хелена займала лідзіруючыя пазіцыі.

Паводле слоў прэзідэнта клуба OGAE Russia (расійскі клуб паклоннікаў конкурсу), кіраўніка праекта Escrus Антона Самсонава, на працягу ўсіх рэпетыцый Хелена ішла роўна, паказваючы высокі ўзровень выканання. Яна ўвесь час максімальна выкладвалася. Гук у ходзе жывога выканання быў такім жа якасным, як і на студыйным запісе. На канчатковы вынік канкурсанткі магла паўплываць тэлевізійная карцінка. На думку крытыка, не было выканана тое, чаго дабівалася беларуская дэлегацыя.

Рэжысёр Белтэлерадыёкампаніі Глеб Шапо таксама заўважыў, што рэжысёрска-пастановачнай групе па тэхнічных прычынах не ўдалося ў поўнай меры ўвасобіць задуманае. Нумар на нацыянальным адборы ў Беларусі глядзеўся сапраўды лепш. Што датычыцца выступлення Хелены, тут пытанняў не ўзнікае, адзначыў рэжысёр. "Гэта якраз адзін з тых артыстаў, за якога я мог не хвалявацца. Ведаў, што яна зробіць усё як трэба", - дадаў Глеб Шапо.

Фінал дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" прайшоў 26 лістапада ў Тбілісі. Прадстаўніца Беларусі Хелена Мерааі з песняй "Я самая" заняла пятае месца. Гэта кампазіцыя аб тым, што кожны чалавек - сусвет, у кожнага ёсць мара, у якую трэба абавязкова верыць. Перамогу атрымала расіянка Паліна Багусевіч, выканаўшы песню з глыбокім сацыяльным пасылам "Wings" ("Крылы").

Усяго на сцэну "Алімпійскага палаца" выйшлі юныя таленты з 16 краін - удзельніц ЕВС: Аўстраліі, Албаніі, Арменіі, Беларусі, Ірландыі, Італіі, Кіпра, Македоніі, Мальты, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Расіі, Сербіі, Украіны і гаспадыні цяперашняга конкурсу Грузіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі