Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 ліпеня 2017, 09:31

Беларуска-французскі канцэрт пройдзе 30 ліпеня ў касцёле Святога Апостала Андрэя ў Нарачы

27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска-французскі канцэрт, прысвечаны 111-годдзю з дня нараджэння кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча, 30 ліпеня пройдзе ў касцёле Святога Апостала Андрэя ў вёсцы Нарач Мядзельскага раёна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.

Традыцыя правядзення ў Мядзельскім раёне канцэртаў, прысвечаных Дзмітрыю Шастаковічу, была закладзена ў мінулым годзе, калі ў касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Шэметава адбылося выступленне беларускіх музыкантаў, прысвечанае 110-годдзю з дня нараджэння кампазітара. Шэметава невыпадкова было выбрана для канцэрта да юбілейнай даты Дзмітрыя Шастаковіча (1906-1975): менавіта тут жыў яго прадзед Пётр Шастаковіч (1808-1871).

Калі першы раз на канцэрце ігралі музыканты Белдзяржакадэміі музыкі, то ў бягучым годзе да іх далучыцца вядомы французскі габаіст Жэром Гішар, які прыедзе з Парыжа і будзе выступаць у канцэрце для габоя і струнных.

Беларуска-французскі музычны праект рэалізуецца на грамадскіх пачатках. Ініцыятарам і галоўным арганізатарам мерапрыемства стаў француз беларускага паходжання, еўрапейскі оперны спявак, прэзідэнт французскай асацыяцыі "Абмен: Францыя-Беларусь" Аркадзь Валадось, які з'яўляецца паклоннікам творчасці Дзмітрыя Шастаковіча. Наш суайчыннік некалькі гадоў працаваў над ініцыятывай арганізацыі такога праекта, калі даведаўся, што карані прадзеда найвялікшага кампазітара XX стагоддзя - у Беларусі. Заслугі Аркадзя Валадося ў распаўсюджванні беларускай культуры за мяжой высока ацэнены на дзяржаўным узроўні - ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Яго сын - таксама Аркадзь Валадось - адзін з самых знакамітых і віртуозных піяністаў свету. Прыклад гэтай музычнай сям'і, карані якой з Беларусі, паказвае, наколькі багата наша зямля таленавітымі людзьмі.

Суарганізатар праекта - ураджэнка Мядзельскага раёна, аглядальнік аддзела БЕЛТА па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта, член праўлення Беларускага саюза жанчын, намеснік старшыні Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Аліна Грышкевіч. Яна з самага пачатку ўзнікнення ідэі праекта садзейнічае яго ажыццяўленню.

Ініцыятыва атрымала актыўную падтрымку з боку старшыні Мядзельскага райвыканкама, Міністэрства культуры, Белдзяржакадэміі музыкі, а таксама касцёла Святога Апостала Андрэя ў Нарачы.

Гэты беларуска-французскі праект ажыццяўляецца пры інфармацыйнай падтрымцы БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі