Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 ліпеня 2017, 16:48

"Беларусьфільм" пачаў здымаць фільм пра падлеткаў

26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Здымкі дзіцячага прыгодніцкага фільма пачынаюцца сёння на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", паведамілі БЕЛТА на кінастудыі.

Працуе над карцінай рэжысёр Ігар Чацверыкоў. "Аўдыторыя, на якую мы разлічваем, - 12-14 гадоў. Гэтага ж узросту будуць і галоўныя героі. Тэма павінна знайсці водгук у сучасных падлеткаў, паколькі галоўныя героі - каманда геймераў, якія гуляюць у World of Tanks. Іх мара - стаць крутой камандай, трапіць на міжнародныя спаборніцтвы. Але гісторыя не аб камп'ютарных, а аб рэальных прыгодах", - расказаў рэжысёр. Назва фільма прапрацоўваецца.

Увесь сюжэт аўтары не раскрываюць. Рэжысёр вырашыў пайсці па шляху сусветнага кіно і зняць жанравы фільм. Дзеці і падлеткі ва ўсе часы любілі прыгодніцкае кіно, пошукі скарбаў. Пры гэтым аўтары маюць намер выклікаць інтарэс у падлеткаў да беларускай гісторыі. А гэта значыць, што ў карціне будзе адсылка ў мінулае. Але шукаць гістарычнай праўды не трэба - такой мэты ні рэжысёр, ні аўтар сцэнарыя Валянцін Залужны не ставілі. Дарэчы, аўтар сцэнарыя новай карціны Валянцін Залужны працаваў ужо ў пары з Ігарам Чацверыковым на праектах "Дзяржаўная граніца" і "Участак лейтэнанта Качуры".

У фільме будзе максімум дынамікі і мінімум маралізатарства, паколькі сёння дзеці прывыклі да дынамічнага кіно. Разам з тым будзе паказана каштоўнасць дружбы, узаемавыручкі, тое, што матэрыяльны складнік - не самае галоўнае ў жыцці.

Здымкі пройдуць у Мінску, а таксама ў адным з раённых гарадоў, багатых на славутасці і гістарычныя мясціны. Усе галоўныя ролі выконваюць падлеткі. З дарослых акцёраў найбольш прыкметныя ролі ў Сяргея Чэкерэса, Валянціны Гарцуевай, Канстанціна Міхаленкі і Аляксандра Аўчыннікава.

Гэта не першы зварот рэжысёра да дзіцячай і падлеткавай тэматыкі. Яго дэбютны фільм "Шэльма" (1995) быў разлічаны на падлеткавую аўдыторыю і ў свой час атрымаў прыз глядацкіх сімпатый на "Лістападзе". Яшчэ адзін дзіцячы фільм Ігара Чацверыкова "Тры талеры" ў свой час палюбіўся расійскаму гледачу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі